Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Караткевіч прэтэндуе на «Лукашэнкаў» час на БТ


Тацяна Караткевіч на сустрэчы з выбаршчыкамі ў Шклове, 25.09.2015
Тацяна Караткевіч на сустрэчы з выбаршчыкамі ў Шклове, 25.09.2015

Кандыдат у прэзыдэнты Тацяна Караткевіч зьвярнулася ў Цэнтральную выбарчую камісію з просьбай даць ёй час для выступу па тэлебачаньні, які не скарыстаў Аляксандар Лукашэнка.

Прадстаўнік Тацяны Караткевіч у ЦВК Ігар Лялькоў распавёў карэспандэнту Свабоды:

«Наш кандыдат просіць час для выступу менавіта па тэлевізіі, пра радыё гаворка не ідзе, бо гэта ня вельмі істотна. Просіць усю гадзіну — якраз столькі, колькі не скарыстаў Аляксандар Лукашэнка. Матывуе гэта тым, што мала даюць часу для агітацыі па тэлебачаньні, між тым трэба абмеркаваць шмат праблемаў. Цалкам з гэтым згодны. У нармальнай краіне кандыдаты на прэзыдэнта не „вылазяць“ з ТВ, а ў нас — усяго гадзіна на ўсю агітацыйную кампанію. І людзі кажуць, што гэтага мала, асабліва пасьля апошняга выступу шмат такіх заўваг. Вось толькі што закончылася сустрэча Тацяны Караткевіч з выбарцамі ў Лідзе, дык таксама людзі казалі, што недастаткова часу даюць для выступаў. Будзем чакаць адказу ЦВК у панядзелак».

Паводле Ігара Лялькова, у штабе Тацяны Караткевіч невядома, ці зьвярталіся з аналягічнай прапановай у ЦВК прадстаўнікі іншых кандыдатаў у прэзыдэнты. «Канешне, было б справядліва падзяліць „Лукашэнкаў“ час на ўсіх трох, мы ня супраць, але ад іншых кандыдатаў прапаноў пра гэта ня чулі», — сказаў Ігар Лялькоў.

Аляксандар Лукашэнка гэтак і не скарыстаў магчымасьць выступіць гадзіну па радыё і столькі ж па тэлебачаньні як кандыдат у прэзыдэнты. 25 верасьня ў Жлобіне Аляксандар Лукашэнка сказаў, што «калі некаму трэба, я магу яму падараваць гэты час. Але, самае цікавае, яны ня хочуць болей». Таксама Лукашэнка заявіў, што можа зьвярнуцца да беларусаў напярэдадні галасаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG