На ўсіх пунктах пропуску на адміністрацыйнай мяжы з Крымам заблякаваны рух грузавога транспарту.
Ініцыятары блякады лічаць, што ўкраінскія кампаніі павінны спыніць гандлёвыя адносіны з Крымам, бо тэрыторыя паўвострава акупаваная Расейскай Фэдэрацыяй. Паводле арганізатараў акцыі, яны ня будуць прапускаць фуры ў Крым да таго часу, пакуль ня будуць выкананыя іх патрабаваньні: каб расейскія ўлады вызвалілі ўкраінскіх і крымска-татарскіх палітвязьняў, спынілі ціск на незалежныя СМІ і рэпрэсіі ў дачыненьні да крымскіх татараў, дазволілі міжнародным назіральнікам бесьперашкодны ўезд на тэрыторыю паўвострава.
«Эканамічная блякада Крыму актывістамі — гэта аплявуха дзяржаве Ўкраіна. Аплявуха — таму што сама дзяржава павінна была зрабіць гэта вясной 2014 году. Але Кіеў чамусьці да гэтага часу ўпарта не разумее, чаму вайна і акупацыя павінны перашкаджаць бізнэсу», — сказаў кіраўнік Інфармацыйнага супраціву Дзьмітры Тымчук у інтэрвію Свабодзе.
Ад акцыі пацярпяць абодва бакі — украінскі бізнэс, які пастаўляе тавары ў Крым, і жыхары паўвострава, якія, верагодна, застануцца безь некаторых тавараў. Дзьмітры Тымчук лічыць, што праблема недахопу тавараў павінна вырашацца ў Расеі:
«Тое, як пацярпяць жыхары Крыму, павінны ацэньваць улады Расеі, якія акупавалі Крым. Самім фактам акупацыі яны ўзялі на сябе поўную адказнасьць за паўвостраў. Мы альбо змагаемся за тэрытарыяльную цэласнасьць і ваюем, у тым ліку на „эканамічным фронце“, альбо гандлюем. Толькі не сакрэт, што войны выйграюць салдаты, а не гандляры».
Дзьмітры Тымчук лічыць, што «харчовая блякада» — гэта адэкватны крок, які любая краіна павінна была б зрабіць у дачыненьні да акупантаў.
«Гэтую акцыю нельга назваць першым крокам па вяртаньні Крыму ва Ўкраіну. Але можна сказаць, што гэта першая выразная рэакцыя грамадзкасьці на бязьдзейнасьць украінскай улады. Але я перакананы, што ўлады ня будуць супрацьдзейнічаць гэтай акцыі. Цяпер, напрыклад, украінскія памежныя службы вельмі шчыльна супрацоўнічаюць з арганізатарамі блякады, а адмысловы батальён ахоўвае тэрыторыю прапускных пунктаў. Улады разумеюць, што такія праявы супраціву маюць вельмі вялікую падтрымку ва ўкраінскай грамадзкасьці. З улікам таго, што цяпер і так шмат хто незадаволены дзеяньнямі ўладаў, перашкаджаць блякадзе Крыму яны ня будуць».