Пра гэта ўдзельнік выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі паведаміў сёньня Свабодзе:
«Сытуацыя ня лепшая. Я здаў у шпіталі шмат аналізаў. Але вынікаў ніводнага зь іх дагэтуль ня ведаю. Нічога мне ня кажуць. Таму вымушаны дамагацца праўды праз паўторную здачу аналізаў.
Галава па-ранейшаму кружыцца. Арыентацыя не паляпшаецца. Хаджу з дапамогай жонкі, пад ручку, як у маладосьці. Здаю паглыбленыя аналізы ў розных мэдычных установах — і ў першым шпіталі, і на Казінца, і ў прыватных.
Што тычыцца прэсавай канфэрэнцыі, то яна найхутчэй пройдзе заўтра. Сёньня я проста фізычна не змагу».
Віктар Цярэшчанка лічыць, што ён сабраў неабходную колькасьць сапраўдных подпісаў для рэгістрацыі яго прэтэндэнтам на найвышэйшую дзяржаўную пасаду. Менавіта таму ён і перадаў у Цэнтарвыбаркам праз давераную асобу ўвесь камплект дакумэнтаў, неабходных для ягонай афіцыйнай рэгістрацыі.
Ініцыятыўная група Цярэшчанкі здала каля 130 тысяч подпісаў. Але паводле ЦВК, зь іх праўдзівымі былі прызнаныя менш за 7 тысяч.
Афіцыйная рэгістрацыя кандыдатаў на прэзыдэнта заплянаваная на 10 верасьня ў Доме ўраду. Пакуль у ЦВК сярод прэтэндэнтаў на рэгістрацыю называюць чатыры прозьвішчы: Сяргей Гайдукевіч, Тацяна Караткевіч, Аляксандар Лукашэнка і Мікалай Улаховіч. Акрамя гэтага квартэта і Віктара Цярэшчанкі дакумэнты на рэгістрацыю падала і Жанна Раманоўская, у актыве якой менш за адну тысячу подпісаў пры неабходным мінімуме ў 100 тысяч.