«10 верасьня, — заявіў Мікалай Статкевіч у інтэрвію Радыё Свабода, — у 18 гадзінаў я буду праводзіць пікет каля ГУМа з нагоды пачатку агітацыйнай кампаніі. Пікет з патрабаваньнем нармальных вольных выбараў. Запрашаю да ўдзелу ў гэтым пікеце ўсіх, хто падтрымоўвае пазыцыю, аналягічную маёй. Прыходзьце з ацэнкамі гэтых кшталту кандыдатаў, з плякатамі ці бязь іх. Калі Лукашэнка сапраўды хоча гэтай легітымнасьці, то хай не замінае нам рэалізоўваць наша канстытуцыйнае права на вольны і мірны сход. Калі будуць хапаць, вінціць, саджаць — хай разьвітаецца са сваёй легітымнасьцю.
Я запрашаю на гэтае мерапрыемства прадстаўнікоў доўгатэрміновай місіі назіральнікаў АБСЭ. Паглядзім, што будзе далей».
28 жніўня на супольнай прэсавай канфэрэнцыі прадстаўнікоў апазыцыі Мікалай Статкевіч заявіў, што «выбары ўжо сфальсыфікаваныя». Пра свае далейшыя крокі і стаўленьне да прэзыдэнцкай кампаніі 2015 году Статкевіч распавёў Радыё Свабода:
«На сваёй прэсавай канфэрэнцыі мы назвалі нашу галоўную мэту, за якую мы будзем змагацца ў больш шырокіх часавых рамках, чым гэтая прэзыдэнцкая кампанія. Гэта ўсеагульныя дэмакратычныя выбары з удзелам нармальных кандыдатаў. Цяпер нам прапануюцца псэўдавыбары, у якіх нібыта ўдзельнічаюць чалавек, якога я лічу злачынцам, і яго фіктыўныя канкурэнты. Выбіраць няма з каго. Выбары мы прайгралі, іх ужо няма».
Статкевіч заяўляе, што разам з паплечнікамі зьбіраецца скарыстаць магчымасьці, якія дае агітацыйны пэрыяд, каб «дасягнуць вольных дэмакратычных выбараў з выкарыстаньнем мэханізмаў выбарчай кампаніі і магчымасьцяў, якія дае Выбарчы кодэкс».
«Галоўная з мэтаў — гэта праца з грамадзтвам, каб яно ведала, што выбары несапраўдныя. Па сутнасьці — дэлегітымізацыя выбараў у вачах грамадзтва, каб людзі ведалі, што прэзыдэнт несапраўдны і трэба нармальныя выбары, — кажа Мікалай Статкевіч. — Наступнае — гэта дэлегітымізацыя ў вачах міжнароднай супольнасьці. Каб мы ў нашай далейшай барацьбе за вольныя выбары маглі спадзявацца на іхную падтрымку і каб ня здарылася такой скрайняй сытуацыі, калі нібыта міжнародны легітымны прэзыдэнт здае нашу незалежнасьць Расеі за няўкруткі ў эканоміцы».
Статкевіч кажа, што гэтую кампанію трэба выкарыстоўваць, «каб пашырыць прастору свабоды ў грамадзтве».
«Па-першае, зьнізіць страх у грамадзтве, па-другое — адваяваць сабе прастору фізычную, — тлумачыць палітык. — Бо акцыя на Бангалоры ўжо раскоша. Каб і грамадзтва прывыкла, і ўлада прывыкла, што ў грамадзянаў ёсьць права на мірныя сходы і трэба ім карыстацца».
Статкевіч лічыць, што ў выніку бліжэйшых дзеяньняў у апазыцыі павінна ўтварыцца новае дзейснае ядро. Цяпер, кажа ён, частка апазыцыі «згубіла волю да барацьбы».
«Звычайным падаецца: выбараў няма, а я паўдзельнічаю, пагрэюся, рэйтынг падыму. А калі мне пасаду прапануюць, дык я туды пайду... Людцы! Вы што?! Калі гэта нелегітымная ўлада — гэта значыць, яна ва ўладзе незаконна, яны злачынцы. А вы зьбіраецеся зь імі ў гульні гуляць», — кажа Статкевіч. — Мы спадзяёмся, што ў выніку гэтай кампаніі ўсё ж такі ядро апазыцыі ўтворыцца, загартуецца, якое будзе ізноў рэальна змагацца за перамогу, за дэмакратычныя выбары».