Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч прызначыў сустрэчу Лукашэнку. На Плошчы


На фота - (зьлева направа) Уладзімер Някляеў, Мікалай Статкевіч, Анатоль Лябедзька.
На фота - (зьлева направа) Уладзімер Някляеў, Мікалай Статкевіч, Анатоль Лябедзька.

Экс-кандыдат у прэзыдэнты, былы палітвязень Мікалай Статкевіч заклікаў Аляксандра Лукашэнку прыйсьці на Плошчу, каб сустрэцца са сваімі выбарцамі і адказаць на іх пытаньні.

Пра гэта ён заявіў на супольнай прэс-канфэрэнцыі з Уладзімерам Някляевым, Анатолем Лябедзькам і Паўлам Севярынцам.

Калі ён замест сябе дашле хлопцаў з дубінамі — ну, тады мы атрымаем адказ, што ён далей зьбіраецца з намі рабіць.

«Я адсутнічаў, і ў мяне шмат пытаньняў накапілася, а тут тыпу „выбары“. Дык вось я ў „тыпу“ прэзыдэнта, які цяпер кандыдат, хацеў спытацца: куды ён нас завёў і што прапануе далей? Хай патлумачыць. Як выбаршчык я маю права па законе на выбарчыя сходы, каб даведацца ад кандыдата ягоную праграму і плян. Таму трэба зьвярнуцца да яго, каб ён прыйшоў на сустрэчу з намі. Я гатовы арганізаваць яму гэтую сустрэчу ў Менску, на Плошчы. Мінімум аховы бярыце — нічога з вамі ня здарыцца, я гарантую. Калі гэты чалавек ня прыйдзе — ну што ж, будзем абмяркоўваць безь яго, што ён нарабіў. Калі ён замест сябе дашле хлопцаў з дубінамі — ну, тады мы атрымаем адказ, што ён далей зьбіраецца з намі рабіць. Трэба карыстацца гэтай кампаніяй і вярнуць сябе больш прасторы свабоды», — заявіў былы палітвязень.

Статкевіч заклікаў грамадзтва не баяцца размоў пра Плошчу:

Калі ў Лукашэнкі такая складаная фінансавая сытуацыя і прыперла яму — дай легітымнасьць, то давайце скарыстаемся гэтым і крыху прасторы сябе адваюем.

«Зараз такі страх гэтага слова — „Плошча“... Людзі, вы што ўжо, шыльдачкі пачалі баяцца? Ніхто ж зараз ня кажа пра 11 кастрычніка, бо гэтая дата, па сутнасьці, ужо не цікавая. Мы кажам пра сустрэчу з выбаршчыкамі. А калі ўсяго баяцца... То калі вы ўсяго баіцеся, то тым больш у вас забіраюць. Калі ў Лукашэнкі такая складаная фінансавая сытуацыя і прыперла яму — дай легітымнасьць, то давайце скарыстаемся гэтым і крыху прасторы сябе адваюем. Як толькі ён мірны сход выбаршчыкаў, які прыйшоў яго паслухаць, разгоніць, то ён можа ўжо не праводзіць выбары, бо яго легітымнасьць ужо скончыцца».

Статкевіч таксама адказаў на абвінавачваньні ў тым, што ў 2010 годзе палітыкі вывелі на Плошчу людзей і фактычна падставілі іх.

Людзі выходзяць за сваё, не таму, што ім паабяцаў нехта нешта.

«Гэтыя размовы, што нейкіх балванчыкаў дурных заманілі на Плошчу і падставілі... Дык па гэтай лёгіцы ў нас уся гісторыя такая. Вось быў у нас такі Канстанцін Астроскі — узяў, заманіў 30 тысяч чалавек супраць 80 тысяч. Ну, там пашанцавала — праскочылі. Поп Гапон зь яго не атрымаўся. А вось з Каліноўскага атрымаўся — заманіў з шаблямі і косамі людзей супраць самай вялікай арміі сьвету на той час і падставіў, каб парэзалі. Вы што, так успрымаеце гэта? Людзі ведаюць, на што ідуць, яны робяць учынак, за які ім ніколі ня будзе сорамна. А цяпер задняй датай іх робяць нейкімі дурнямі! Статкевіч заманіў, падставіў... Не абражайце свой народ, яго лепшую частку. Да ім па барабану было, хто там кандыдат, яны выйшлі за сябе, каб сябе паважаць. Людзі выходзяць за сваё, не таму, што ім паабяцаў нехта нешта», — заявіў экс-кандыдат у прэзыдэнты.

На сёньня ніякіх канкрэтных плянаў наконт нейкіх вулічных дэманстрацыяў у апазыцыі няма. Але Ўладзімер Някляеў адзначыў, што гэтае пытаньне, безумоўна, абмяркоўваецца:

«Зразумела, што мы не маглі не абмяркоўваць пытаньне Плошчы. Якая найбольшая небясьпека ў той клясычнай Плошчы, якую ўсе маюць на увазе? Цітушкі! Казакоў-разбойнікаў хопіць тут. Пры кожным праваслаўным храме на сёньняшні дзень ёсьць ваенна-мэтадычныя клюбы, якія рыхтуюць да таго, каб у „рускім сьвеце“ жыць. А тут сабраліся гэтыя нацыяналісты, „пятая калёна“, іх трэба зьнішчаць. І гэтых людзей кінуць на тых, хто выйшаў за свабодныя і сумленныя выбары. І тады АМАП з дубінкамі кінецца нас бараніць. Вось тут палягае вялізная небясьпека», — заявіў ён.

Мікалай Статкевіч паведаміў журналістам, што спадзяецца на стварэньне шырокай дэмакратычнай кааліцыі, над фармаваньнем якой трэба яшчэ працаваць. Ён адзначыў, што, у прыватнасьці, бачыць у ёй удзельнікаў сёньняшняй прэс-канфэрэнцыі.

«Усе мы зараз адмовіліся весьці кансультацыі з той часткай апазыцыі, якая гуляе ў падтанцоўцы ў гэтым выбарчым цырку. Таму прыходзіцца з апазыцыі выдзеляць дэмакратычныя сілы», — кажа ён

Адказваючы на пытаньні журналістаў, Статкевіч заявіў, што ня лічыць часткай сапраўдных дэмакратычных сілаў партыю Сяргея Калякіна, бо яны камуністы.

«Партыя БНФ? Яна зараз, як я разумею, працуе на кандыдата — добрую, цудоўную жанчыну — за якой стаіць чалавек, які публічна зганьбіўся, здрадзіў, а цяпер зноў ходзіць у белым», — сказаў Статкевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG