Баранавіцкі ўкраінец Чарнавус: «Я ўжо абеларусіўся, для мяне тут радзіма»

Мікола Чарнавус

Баранавіцкі прадпрымальнік Мікола Чарнавус — адзін зь лідэраў баранавіцкай грамадзкай супольнасьці. Радыё Свабода пагаварыла з арганізатарам прадпрымальніцкіх пратэстаў, кіраўніком суполкі баранавіцкіх украінцаў.

У часе цяперашніх прэзыдэнцкіх выбараў баранавіцкі прадпрымальнік, сябра партыі БНФ Мікола Чарнавус спрабаваў трапіць у ініцыятыўную групу Аляксандра Лукашэнкі. Хацеў высьветліць, колькі насамрэч людзей будзе падпісвацца за яго. Чарнавуса ў гэтую групу не прынялі, і тады ён вывесіў на рынку плякат «Збор подпісаў за ўсіх кандыдатаў, акрамя аднаго».

65-гадовы прадпрымальнік вядомы сваімі шматлікімі акцыямі. За многія яго затрымлівалі ды судзілі. 1 ліпеня 2014 году Мікола Чарнавус арганізаваў страйк прадпрымальнікаў. Тады каля 300 гандляроў прыйшлі ў гарвыканкам, пратэстуючы супраць указу № 222. За той страйк яму прысудзілі 4,5 мільёна штрафу.

Часам Міколу Чарнавуса судзілі за бяскрыўдныя, здавалася б, непалітычныя акцыі. Гэтак, у 2012 годзе ён атрымаў 3 мільёны штрафу за дабрачынны абед.

Шмат якія акцыі Чарнавуса проста забаранялі. У канцы 2011 году ён падаваў заяўку на «акцыю глыбокага дыханьня каля помніка Леніну». Але «дыхаць» яму гарвыканкам забараніў. Забаранялі яму і «хадзьбу пратэсту» па вёсцы, велапрабег пратэсту ды іншыя акцыі.

Мікола Чарнавус мае ралет на Цэнтральным рынку Баранавічаў, дзе гандлюе цацкамі. Бізнэс, кажа, занепадае — часам за дзень угандлюеш пару соцень тысяч рублёў.

Да таго ж Чарнавус — лідэр суполкі баранавіцкіх украінцаў «Кабзар». Шмат год ён дабіваўся, каб суполку зарэгістравалі, але дагэтуль марна.

Што змушае прадпрымальніка пратэставаць? Ці зьмяніліся яго адносіны з украінцамі ў Крыме? Пра гэта ды іншае карэспандэнт Свабоды паслухаў расповед Міколы Чарнавуса.

Чарнавус з караваем сустракае Тацяну Караткевіч на рынку ў Баранавічах

Украінец, які ўцёк ад бацькоў з-пад Кіева ў Крым

Нарадзіўся я ў раённым цэнтры ў Кіеўскай вобласьці. У часе Карыбскага крызісу ў нас зьявілася сакрэтная ваенная часьць. Калі я быў школьнікам, мы вельмі сябравалі з вайскоўцамі. Мы ім прыносілі самагонку, якую выменьвалі на проса або на рыбу траску. Калі падрасьлі, то пераадзяваліся ў іхнюю форму і «служылі» за іх, пакуль яны хадзілі ў самаволку.

З бацькам у мяне былі дрэнныя адносіны. Майго дзеда застрэліў НКУС. А бацька ж ведаў, хто застрэліў, але нават не адпомсьціў... Узяў у кумы двух сяброў, якія здалі немцам яго брата за сувязь з партызанамі.

Мне гэта бабуля распавяла, былі скандалы. У выніку я ўцёк з дому ў 16 гадоў ды зьехаў у Севастопаль, у Крым. Крым тады быў украінскі, Севастопаль быў закрытым горадам, туды не маглі прапісацца замежнікі.

Зь цягам часу трапіў я там у тралавы флёт — рыбу ў Атлянтыцы лавілі. Маю нават «пасьведчаньне Нэптуна», што праходзіў экватар. Калі прыходзіў з мора, то працаваў інспэктарам аддзелу кадраў у тралавым флёце.

І ведаеце, я параўноўваю той і цяперашні час — ашуканства было і ў той час. Кожны бос з Масквы хацеў нешта зарабіць — грошай, валюты. А я працаваў у тым аддзеле, дзе займаліся прыняцьцем дакумэнтаў на замежныя пашпарты. То прыяжджалі з Масквы гэтыя босы, і ім «фількаву грамату» рабілі, каб атрымаць тую візу. А потым такі шулер ішоў дублёрам капітана, хоць у яго не было пасады такой.

Калі раскрылася афёра аб падробцы ікры, то многія чыноўнікі пастраляліся-павесіліся. Сёньня, пры Лукашэнку, яшчэ ніхто не застрэліўся. Лукашэнка ім зрабіў, што плаціце ды далей працягвайце...

Печ дома ў Міколы Чарнавуса

З Крыму — у Баранавічы: быў кухарам, а зарабіў на вязаньні швэдраў, спадніц і сукенак

Калі па хваробе мяне зьнялі з флёту, то ў 1973 годзе пераехаў у Баранавічы, у мяне жонка адсюль. Уладкаваўся ў трэст сталовых і рэстарацыяў, быў кухарам, дайшоў да шэф-кухара. Потым камуністы вырашылі папіць гарэлкі за чужы рахунак. Выпісалі мне беставарную накладную на 200 рублёў — тады два мае заробкі. Я не згадзіўся, і пачалася вайна. Звольнілі мяне па артыкуле за прагул, якога не было. Дайшоў да міністра гандлю, які выклікаў нашага дырэктара трэсту сталовых і рэстарацыяў ды звольніў. Але потым першы сакратар гаркаму партыі ўзяў яго «на парукі». Міністар звольніў, а яны вярнулі...

З гэтага часу — Чарнавус ізгой. Куды б ні пайшоў на працу — за мной характарыстыкі. На любой працы не затрымліваўся...

Ужо потым, калі Гарбачоў даў дабро на адкрыцьцё кустарнай вытворчасьці, я пачаў вязаць. Тады ў горадзе сядзелі ўсяго чатыры падаткоўцы, гэта сёньня іх там дзясяткі. То яны тады нават ня верылі, што мужчына вяжа. Вязаў і швэдры, і спадніцы, і сукенкі. Сям’я дапамагала. Можна сказаць, сталі заможна жыць. Першы бізнэс такі быў, і ніхто ня мог мяне ўкусіць.

Потым прыватным прадпрымальнікам стаў, індывідуальным прадпрымальнікам. У горадзе я, можна сказаць, прадпрымальніцкі старажыл. Але каб сказаць, што абагаціўся пры гэтай уладзе... Гэта трэба было б і ўладу карміць. Тады б ты быў бы чалавекам. Уладу я не карміў — яны мяне баяліся, і я іх баяўся.

«Мёду» ў гэтым прадпрымальніцтве няма такога — дзень ды ноч працуеш. Думай ды думай — дзе тавар узяць, як прадаць, што ідзе, а што не ідзе ў гандлі.

Your browser doesn’t support HTML5

Мікола Чарнавус: За дзень нагандлявалі 200 тысячаў рублёў

Суполка баранавіцкіх украінцаў «Кабзар» страціла сувязі зь Севастопалем пасьля анэксіі Крыму

Яшчэ да анэксіі Крыму супрацоўнічалі зь Севастопалем, нам абяцалі нават бюст Шаўчэнкі перадаць у Баранавічы... Я паехаў, наладзіў сувязі... Калі нашу суполку «Кабзар» тут не хацелі рэгістраваць, то ўкраінцы далучылі яе да свайго аб’яднаньня «Просвіта».

Здавалася б, хочуць людзі грамадзкае аб’яднаньне — хай ствараюць. Але не, не рэгіструюць.

Цяпер, калі да Расеі Крым адышоў, сувязі абарваліся, але ня цалкам. Там засталіся такія асобы, якія нарадзіліся ўкраінцамі і памруць украінцамі. Гэтыя людзі не адступяцца ад свайго.

Я ўжо абеларусіўся, для мяне ўжо тут радзіма. Але калі здарылася анэксія Крыму ды вайна ва Ўкраіне, неяк стаў перажываць. Як быццам і ты ў нечым вінаваты... Крыўдна. Здаецца, і ўкраінцы няблага ставіліся да Крыму, а цяпер там — Расея.

Пратэстуюць прадпрымальнікі — штрафуюць Чарнавуса

На розныя грамадзкія мерапрыемствы (як нядаўні фэст «Баранавіцкая вышыванка»), што ладзіла Таварыства беларускай мовы) гатую нацыянальныя стравы, пяку пірагі. Дома маю печ, дзе ўдаюцца самыя смачныя стравы.

Чарнавус – шэф-кухар фэсту «Баранавіцкая вышыванка»

Ладзіў дабрачынны абед на рынку, але яго прызналі масавай акцыяй, далі штрафу.

Кожны пратэст абарочваўся мне штрафам, толькі аднойчы не аштрафавалі. А яно і нядрэнна, можа, гэтак раз у год мець той штраф, каб напамінаць пра сябе. Трэба, каб улады пабойваліся, а то ж нічога не баяцца.

Аднесьлі сэртыфікацыю да Новага году, таму ізноў прычына для пратэсту зьявіцца. Але з гэтым падзеньнем рубля, можа, і раней зьявіцца. Калі б ён за месяц да першага верасьня ўпаў, то, можа, і голыя дзеці ў школу пайшлі б. Пакупніцкая здольнасьць упала. Пару тыдняў таму народ яшчэ хадзіў па рынку — бо сэзон да школы быў. Але цяпер народу мала.

Як Брэжнеў памёр, то многія плакалі — «вой, вайна будзе»

Сёньня нейкі страх, апатыя. Мінулы раз за пяцёх кандыдатаў па 500 подпісаў сабраў. А цяпер — чуеш ад людзей, што сказалі ім толькі за аднаго падпісвацца... Народ ведае, што ўжо выбрана, палічана, і працэнтаў ведаюць колькі.

Проста «забіваюць» меркаваньні — «пэнсію плоціць» ды «абы вайны не было». Калі кіраўнік доўга бывае на пасадзе, то такое ў крыві ў людзей. Як Брэжнеў памёр, то многія плакалі ў школе — «вой, вайна будзе». Так і сёньня — «як Лукашэнкі ня стане, то вайна будзе». Ну вось стаў бы я заўтра прэзыдэнтам, то што, вайну таму Кітаю ці якой Нямеччыне б абвясьціў?

Хацеў зьбіраць подпісы зараз і за Лукашэнку, каб паглядзець, як за яго будуць падпісвацца і за апазыцыянэраў. Але не даверылі.

Мікола Чарнавус за стырном свайго аўто

7 верасьня Міколу Чарнавусу споўнілася 65 гадоў. Але ён кажа, што пэнсія для яго не нагода, каб спыніць актыўную грамадзкую дзейнасьць. Спадар Чарнавус перакананы, што найцяжэйшыя часы для прадпрымальнікаў яшчэ наперадзе.