Паводле аднаго з абвінавачаных па «справе графіцістаў» Максіма Пякарскага, пры затрыманьні ім пагражалі, што ніхто ня выйдзе на волю.
Пра гэта ён апавёў Праваабарончаму цэнтру «Вясна».
«У момант затрыманьня я, Вадзім Жаромскі і яшчэ адзін грамадзянін Расеі знаходзіліся ў кватэры, вокны ў пакоі былі расчыненыя. Сядзелі, размаўлялі на побытавыя тэмы. І раптам я заўважыў, што нешта сыплецца зьверху на падваконьне. І літаральна празь некалькі хвілінаў зьверху па канаце спусьціўся чалавек, увесь у экіпіроўцы, заляцеў у вакно, дастаў пісталет, навёў на нас і крыкнуў: „Усім ляжаць!“ Адразу за ім праз вакно заляцеў яшчэ адзін супрацоўнік з крыкам: „Вы што, савецкую ўладу ня любіце?“ Мы былі ў шоку ад таго, што адбываецца. Пасьля гэтага яны пачалі лаяцца, зьбіваць нас, ужываць электрашокер. Хтосьці зь іх адчыніў дзьверы — забеглі яшчэ некалькі чалавек. Агулам у кватэры іх было каля дзесяці, у тым ліку і сьледчыя.
Пасьля пачалі псыхалягічна ціснуць, выбіваць прызнаньні ў маляваньні графіці, дапытваць па чарзе адразу ў кватэры, пагражалі, што пасадзяць у турму.
Пасля прайшоў вобшук у кватэры, праглядалі ўсё вельмі дасканальна, літаральна кожную паперку. Але панятых прывялі толькі хвілін праз 20 пасьля таго, як пачалі агляд. Потым пачалі апісваць і вымаць кампутары, флэшкі, дакумэнты, банкаўскія карткі. Папсавалі маёмасьць у кватэры — разьбілі шкляны столік, напрыклад.
Сталі пагражаць, што пасадзяць у турму ня толькі нас, але і маю дзяўчыну. Яна ў гэты час мне якраз тэлефанавала. Супрацоўнік падняў тэлефон і падманам выклікаў яе на допыт. Сказаў, нібыта я на ровары зьбіў дзіця, і трэба, каб яна таксама пад’ехала.
Супрацоўнік падманам выклікаў маю дзяўчыну на допыт. Сказаў, нібыта я на ровары зьбіў дзіця, і трэба, каб яна таксама пад’ехала
Мне не давалі тэлефанаваць, груба парушалі мае правы, у тым ліку і права на абарону.
Пасьля вобшуку нас вывелі ў кайданках, як злачынцаў, пасадзілі ў машыну і адвезьлі ў Сьледчы камітэт. Там на нас працягвалі ціснуць, пагражаць, дапытвалі да самай ночы. Казалі, што мы трапілі на „базу“ і ўжо ніколі ня выйдзем на волю. Там жа дапытвалі і маю дзяўчыну, пагражалі і ціснулі на яе».
11 жніўня пяцёра хлопцаў былі жорстка затрыманыя па падазрэньні ва ўдзеле па трох крымінальных справах: нанясеньні беларускамоўных графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе...», а таксама пэцканьні фарбай сацыяльнага білборда з выявамі супрацоўнікаў міліцыі.
20 жніўня Сьледчы камітэт прад’явіў абвінавачваньні Максіму Пякарскаму і Вадзіму Жаромскаму па артыкуле «Хуліганства, учыненае групай асобаў».
Праваабарончы цэнтар «Вясна» запатрабаваў неадкладнага вызваленьня з-пад варты Вячаслава Касінерава, Максіма Пякарскага і Вадзіма Жаромскага.
31 жніўня Пякарскага і Жаромскага адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе і падпіску аб неразгалошваньні.
У заяве Сьледчага камітэту ад 31 жніўня гаворыцца:
«Абвінавачаныя сваю віну ў інкрымінаваных дзеяннях прызналі цалкам, чыстасардэчна раскаяліся і пакрылі прычыненую шкоду ў поўным аб’ёме.
Тлумачачы следчым матывы сваіх дзеянняў, адзін з падазраваных апавёў, што пашкодзіў білборды з-за крыўды на супрацоўнікаў праваахоўных органаў
З улікам выкананьня неадкладных сьледчых дзеяньняў па справе, прызнальных паказаньняў абвінавачаных, іх раскаяньня і кампэнсацыі нанесенай шкоды, а таксама ўлічваючы той факт, што абвінавачаныя ня змогуць перашкодзіць далейшаму расьсьледаваньню крымінальнай справы, сьледства палічыла магчымым хадайнічаць перад пракурорам аб зьмене меры стрыманьня. Гэтае хадайніцтва задаволена».