Нямецкі палітоляг Ёрг Форбрыг лічыць, што гэтым разам Эўропа не павінна наступіць на тыя самыя граблі ды ісьці на саступкі Лукашэнку толькі з-за вызваленьня палітычных вязьняў перад выбарамі.
Добрыя навіны прыходзяць зь Беларусі рэдка, але ў мінулыя выходныя прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка памілаваў шасьцёра палітвязьняў.
Для памілаваных, якія адседжвалі шматгадовыя турэмныя тэрміны за супраціў аўтарытарызму ў Беларусі, гэтае рашэньне, па меншай меры, прынесла вялікую палёгку, і яго віталі як мясцовыя дэмакраты, так і міжнародная супольнасьць.
Гэта быў старанна сплянаваны тактычны ход, каб схіліць у свой бок Эўразьвяз.
Лукашэнка назваў сваё рашэньне актам «гуманізму». Але, насамрэч, гэта быў старанна сплянаваны тактычны ход, каб схіліць у свой бок Эўразьвяз у час штораз большага ўнутранага і геапалітычнага ціску. Пытаньне ў тым, ці даможацца ён посьпеху гэтым разам.
Лукашэнка ніколі не вагаўся ўжываць ціск ды зьняволеньне, і нават выкраданьне, у адносінах да палітычных апанэнтаў. У доўгім ланцугу злачынстваў супраць сваіх крытыкаў, шасьцёра выпушчаных у мінулыя выходныя — толькі апошняе зьвяно.
Найбольш вядомы з вызваленых, Мікола Статкевіч, удзельнічаў як кандыдат у прэзыдэнцкіх выбарах у сьнежні 2010 году, і калі яны былі сфальсыфікаваныя, каб забясьпечыць перавыбары Лукашэнкі, ён павёў мірную масавую акцыю пратэсту. Паліцыя жорстка разагнала дэманстрацыю і арыштавала каля 700 удзельнікаў.
Статкевіч і чатыры дзясяткі іншых дэмакратаў атрымалі турэмныя тэрміны ў палітычна паказальных працэсах. Потым гэтыя вязьні сумленьня былі паступова вызваленыя, але толькі пасьля таго, як іх прымусілі падпісаць прыніжальныя просьбы аб памілаваньні.
Статкевіч і астатнія пяцёра вызваленых у мінулыя выходныя ўпарта адмаўляліся ад любога прызнаньня віны, чым раздражнялі Лукашэнку.
Схаваны матыў гэтага рашэньня, аднак, відавочны.
Кожны раз, калі патрабаваліся цяплейшыя адносіны з Захадам, Лукашэнка вызваляў палітвязьняў.
Зьняволеньне палітычных апанэнтаў для Лукашэнкі ніколі не было выключна спосабам прымусіць замаўчаць яго крытыкаў. Хутчэй за ўсё яно кожны раз служыла «валютай» у яго дачыненьнях з ЭЗ. Кожны раз, калі патрабаваліся цяплейшыя адносіны з Захадам, Лукашэнка вызваляў палітвязьняў.
Гэта звычайна адбываецца, калі спонсар Лукашэнкі — Расея — павялічвае свой палітычны ціск або памяншае фінансаваньне. Гэтак было пасьля 2008 году, калі вайна Расеі супраць Грузіі недвухсэнсоўна выявіла рэваншызм Крамля — патэнцыйную пагрозу для беларускай дзяржаўнасьці.
Гэтак было таксама і тады, калі сусьветны фінансавы крызыс давёў Беларусь да цяжкага эканамічнага становішча. Лукашэнка вызваліў трох палітвязьняў і ў выніку атрымаў шчодрыя міжнародныя крэдыты і запрашэньне далучыцца да ініцыятывы Ўсходняга партнэрства.
Сёньня сытуацыя на дзіва падобная.
У геапалітычным пляне вайна Расеі супраць Украіны паказала крышталёва ясна, наколькі далёка Крэмль можа пайсьці дзеля замацаваньня сваёй сфэру ўплыву ў постсавецкай прасторы. Каб гарантаваць сабе хоць крыху больш бясьпекі, Лукашэнка адчайна імкнецца аднавіць супрацоўніцтва з Эўропай пасьля многіх гадоў ізаляцыі.
Таму яго дыпляматы былі адпраўленыя ў сталіцы ЭЗ з паведамленьнем, што, улічваючы паводзіны Пуціна, Лукашэнка сапраўды зьяўляецца меншым злом; адначасова Менск адчыніў дзьверы для палітыкаў ЭЗ, экспэртаў і лабістаў у спадзяваньні, што козыр геапалітычнай стабільнасьці зможа пабіць правы чалавека і дэмакратыю.
Эканамічна Беларусь моцна пацярпела ад вострага спаду ў Расеі і Ўкраіне — яе першым і трэцім па значнасьці гандлёвымі партнэрах.
Экспарт абваліўся. ВУП скарачаецца ўпершыню з 1997 году. Беларускі рубель страціў траціну сваёй вартасьці ад студзеня, а выплата даўгоў восеньню пагражае небясьпечна паменшыць рэзэрвы.
Між тым, у Расеі паменшалі ахвота і, мабыць, сродкі, каб падтрымаць Беларусь фінансава. Пры адсутнасьці іншых крыніцаў, Беларусь ліхаманкава шукае наяўных грошай на Захадзе. Гэта, аднак, патрабуе пакласьці канец палітычнай ізаляцыі краіны.
У сваёй краіне Лукашэнка чакае «перавыбараў» у кастрычніку. Калі яму і баліць галава, то не ад пяці паслухмяных кандыдатаў ад ляяльна-канструктыўнай апазыцыі.
Замест гэтага яго турбуюць звычайныя беларусы, якім ён раней істотна павышаў зарплату напярэдадні выбараў, а цяпер ня можа гэтага зрабіць з-за пусткі ў дзяржаўнай скарбніцы.
Замест гэтага Лукашэнка падае сябе беларускаму грамадзтву ў якасьці адзінага гаранта незалежнасьці і стабільнасьці. Не застаецца па-за яго ўвагай і тое, што гэты імідж будзе тым больш пераканаўчы, калі маніторынгавая місія АБСЭ станоўча ацэніць надыходзячыя выбары.
Лукашэнка напэўна чакае, што яму неяк акупіцца і гасьціннасьць, якую ён аказаў гэтай арганізацыі падчас менскіх перамоваў (нягледзячы на іх бясплённасьць) па крызысу ва Ўкраіне.
Карацей, ён зноў чакае ад Захаду зычлівасьці і грошай.
Ці Эўразьвяз прыгадае, чым скончылася яго спроба ўзаемадзеяньня з рэжымам у 2008 годзе? Яшчэ перад канцом 2010 году Лукашэнка растраціў атрыманыя ад Захаду сродкі, вярнуўся пад крыло Пуціна і пасадзіў некалькі дзесяткаў новых палітвязьняў — апошнія зь якіх былі выпушчаныя якраз у мінулыя выходныя.
Калі Эўропа цьвёрда не адрэагуе цьвёрда ў некаторых аспэктах, дык яна зноў рызыкуе застацца абдуранай пры дапамозе таго самага старога хітрыку.
Эўропа павінна прызнаць, што ў той самы час, як гэтыя шасьцёра палітвязьняў былі памілаваныя, Менск знайшоў ім замену.
Па-першае, Эўропа павінна прызнаць, што ў той самы час, як гэтыя шасьцёра палітвязьняў былі памілаваныя, Менск знайшоў ім замену. Тры моладзевыя актывісты, арыштаваныя за разьмяшчэньне графіці з надпісам «Беларусь павінна быць беларускай» — з мэсыджам, які мала адрозьніваецца ад афіцыйнай прапаганды — абвінавачваюцца ў «хуліганстве», то бок у тым самым, у чым абвінавачвалі чатырох з тых, якіх толькі што вызвалілі.
Гэтая новая справа, якая цяпер шыецца, павінна аслабіць энтузіязм усіх, хто ў ЭЗ лічыць, што сасьпеў час для аднаўленьня ўзаемадзеяньня зь беларускімі ўладамі.
Па-другое, ЭЗ ужо даўно патрабаваў ня толькі вызваленьня палітвязняў, але і іх поўнай рэабілітацыі. Апошняе патрабаваньне не было выкананае ні ў выпадку вызваленых у мінулыя выходныя, ні ў выпадку каго-небудзь з тых, каго арыштавалі, засудзілі і выпусьцілі пасьля выбараў 2010 году.
Ва ўсіх гэтых выпадках ЭЗ павінен заставацца верны сваёй першапачатковай умове ўзнаўленьня ўзаемадзеяньня з беларускімі ўладамі.
Зробім крок далей: ЭЗ павінен прыгадаць поўны набор умоваў, сфармуляваных з 2006 году для нармалізацыі адносінаў з Беларусьсю, у тым ліку адносна свабодных выбараў, СМІ і грамадзянскай супольнасьці, незалежнай судовай сыстэмы і свабоды асацыяцыі для рабочых і прадпрымальнікаў.
Скарачэньне гэтых патрабаваньняў да вызваленьня палітзьняволеных (несумненна важнага патрабаваньня) толькі працягне гульню Эўразьвязу ў кошкі-мышкі зь Беларусьсю, якая стала ў гэтай гульні майстрыхай.
Па-трэцяе, АБСЭ павінна быць дазволена назіраць за прэзыдэнцкімі выбарамі ў кастрычніку 2015 зь яе звычайнай патрабавальнасьцю і сумленнасьцю. Вельмі верагодна, што будзе аказвацца палітычны ціск дзеля зьмяншэньня крытыкі выбарчага працэсу ці то з боку тых, хто імкнецца узнагародзіць Лукашэнку за перамовы па Ўкраіне ў Менску, ці то з боку тых, хто шукае ўзнаўленьня ўзаемадзеяньня па геапалітычных прычынах, нацыянальных інтарэсах або бізнэсовых сувязях.
Нельга дазволіць, каб хоць адна з гэтых прычынаў падарвала сумленнасьць назіраньня за выбарамі з боку АБСЭ.
Не павінна быць і гаворкі пра нейкую фінансавую дапамогу.
Урэшце, не павінна быць і гаворкі пра нейкую фінансавую дапамогу. Эканамічныя беды Беларусі маюць унутраныя прычыны; яны зьяўляюцца вынікам безгаспадарнасьці, адсутнасьці структурных рэформаў, залежнасьці ад зьнешніх субсыдый і палітычных злоўжываньняў.
Ні адзін з ранейшых пакетаў дапамогі і крэдытаў для Беларусі не прывёў да глыбокіх або ўстойлівых эканамічных зьменаў, а ўсяго толькі дапамог забясьпечыць выжываньне рэжыму Лукашэнкі.
Вызваленьне шасьцярых палітычных зьняволеных у Беларусі можна толькі вітаць. Тым ня менш, наўрад ці можна гэта лічыць прыкметай лібэралізацыі закасьцянелага аўтарытарызму Аляксандра Лукашэнкі.
Праўда, эўрапейская рэакцыя была ня больш чым асьцярожнай. Пры захаваньні прынцыповай пазыцыі, гэтым разам можна будзе пазьбегчы мінулых палітычных памылак Эўропы, якія некалі прыводзілі да большых, а ня меншых, палітычных рэпрэсій у Беларусі, чым раней.
Ёрг Форбрыг зьяўляецца дырэктарам Фонду для дэмакратыі ў Беларусі пры Нямецкім фондзе Маршала Злучаных Штатаў Амэрыкі.