Выбарчая кампанія, якая працягваецца ў гэтыя дні ў Беларусі, па-за межамі гарадоў амаль незаўважная. Перадвыбарчых пікетаў там фактычна няма, а ўбачыць зьбіральніка подпісаў у вясковай хаце — вялікая рэдкасьць. Адзінае выключэньне — ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі, якая, дзякуючы сваім вялікім адміністратыўным рэсурсам, дзейнічала ва ўсіх рэгіёнах, у тым ліку і сельскіх.
Пра тое, якім чынам зьбірала яна подпісы, паведамляе наш даўні слухач і аўтар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову. Спадар Павал піша:
«Калі ў нас зьбіралі подпісы за Лукашэнку, дык вёска падзялілася на два лягеры. Адна частка моўчкі ставіла подпісы. А другая (у тым ліку і я) увогуле адмовіліся падпісвацца. У нас пыталі: чаму? А навошта, калі подпісы ўжо і так сабраныя, і Лукашэнка ў дадатковых ня мае ніякай патрэбы?
Выбарчая кампанія гэтая — даволі сумная. Усе ведаюць, што ЁН ужо даўно прызначыў сам сябе на новы тэрмін. І, хочам мы таго ці не, — застанецца кіраўніком дзяржавы.
...Зь іншых навінаў нашай мясцовасьці. Вельмі істотна мяняецца выгляд беларуска-ўкраінскай мяжы. Зьявілася суцэльная кантрольна-сьледавая паласа. А драцяная агароджа — да двух мэтраў вышынёй. Ды толькі, відаць, ёсьць у ёй нейкія дзіры, бо нелегальныя камэрсанты з абодвух бакоў знаходзяць магчымасьць яе перасякаць.
З суседняй Украіны прыходзяць невясёлыя весткі. Няма такога дня, каб ня везьлі з фронту нябожчыкаў. Нашым сваякам, якія засталіся ў Данецку і Горлаўцы, цяжка датэлефанавацца. А Беларусь у эвакуацыі адтуль сваіх суайчыньнікаў браць удзелу ня хоча. Увогуле, украінскія падзеі вельмі сумныя. Ня дай Бог перажыць нам нешта падобнае», —
— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну.
Так, спадар Павал, і менавіта ўкраінскі прыклад на сёньня — галоўны аргумэнт дзейнай беларускай улады падчас гэтай выбарчай кампаніі. Бо якімі яшчэ дасягненьнямі можна пахваліцца? Заробкі ў людзей падаюць, эканамічны рост зьмяніўся спадам, уцямных пэрспэктываў ня бачна. І застаецца толькі адвечная песьня: «Затое ў нас няма вайны...» І, маўляў, толькі дзеля гэтага варта і далей трываць пры ўладзе асобу, якая больш за два дзесяцігодзьдзі вядзе краіну ў эканамічны і палітычны тупік.
Аўтар наступнага ліста, наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў напісаў пад уражаньнем ад нядаўніх шматлікіх паведамленьняў пра тое, як расейскія ўлады змагаюцца з «санкцыйнымі» заходнімі прадуктамі (цытую ліст):
«І трэба было мне вечарам паглядзець на адным з расейскіх сайтаў відэасюжэт пра тое, як у піцерскім супэрмаркеце шафападобны расейскі шоўмэн у чырвоным пінжаку, змагаючыся з варожым заходнім харчаваньнем, загрыз да сьмерці чатыры бляшанкі імпартнага піва. „Маразм крепчает“, — падумаў я па-расейску і лёг спаць.
А ўначы прачнуўся ад уласнага крыку. Ды каб жа толькі сам прачнуўся — яшчэ й жонку разбудзіў і напалохаў.
Пасьля начнога кашмару доўга ня мог заснуць. Думаў пра расейскія шызафрэнічныя акцыі са зьнішчэньнем памідораў, пэрсікаў, сыру. Пра нявінна пацярпелых ад расейскіх „санкцыяў“ гусянят. Пра парэшткі піўных бляшанак са сьлядамі шоўмэнавых зубоў. Пра суседзкі „Фальксваген“. І міжволі ў мяне ўзьнікла пытаньне: чаму расейскія санкцыі такія непасьлядоўныя і палавіністыя? Хай бы Расея адмовілася наагул ад усяго, што зроблена, створана і вынайдзена на падступным Захадзе. Ад заходніх аўтамабіляў. Ад кампутараў, тэлефонаў, айфонаў ды іншых гаджэтаў. Ад ядзернай зброі. Ад джынсаў, красовак і станікаў. Ад электрычных засьцерагальнікаў і выключальнікаў, бэнзінавых і дызэльных рухавікоў, тэлескопаў і мікраскопаў. І шмат ад чаго іншага.
Слухаю Свабоду, адначасова праглядаючы іншыя сайты, і прадчуваю: нешта адбываецца. Шаноўнае спадарства, даўно такога не было, каб „зайчык“ гэтак валіўся! Можа, вызваленьне палітвязьняў — ня больш як тактычны ход, мэта якога — адцягнуць увагу ад чагосьці больш важнага? Што там палітвязьні! Пры ўсёй маёй павазе да іх, для Лукашэнкі яны — адпрацаваны матар’ял. Выбарчая кампанія перайшла ў новую стадыю, збор галасоў завершаны, і знаходжаньне палітвязьняў за кратамі немэтазгоднае. Хутчэй нават наадварот. І Лукашэнка выпускае іх, каб... адцягнуць увагу? Ад чаго?» —
— такім пытаньнем заканчвае свой ліст на Свабоду Кастусь Сырэль з Вушачаў.
Выглядае, спадар Кастусь, што справа хутчэй ня ў спробе адцягнуць грамадзкую ўвагу ад нейкіх іншых праблемаў, а ў саміх гэтых праблемах (найперш эканамічных). Абвал экспарту, імклівая дэвальвацыя рубля, падзеньне валавога ўнутранага прадукту ўпершыню за апошнія 18 гадоў, набліжэньне тэрміну выплаты вонкавых даўгоў... А грошай у казьне няма. Раней у такіх сытуацыях звыкла можна было залезьці ў кішэню да Расеі. А цяпер і тая кішэня — дзіравая. Таму ўсё спадзяваньне — на Захад. Вызваленьне палітвязьняў — гэта рэвэранс у той бок. Маўляў, бачыце, мы пайшлі вам насустрач. Дык ці не пазычыце грошай?
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by