Старшыня ЦВК пагражае пракуратурай правяральнікам подпісаў Караткевіч

Лідзія Ярмошына.

Лідзія Ярмошына выступіла рашуча супраць грамадзкай праверкі подпісаў за вылучэньне кандыдатам на прэзыдэнта Тацяны Караткевіч.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына назвала «самаўпраўствам» стварэньне грамадзкіх камісіяў па праверцы подпісаў, сабраных у падтрымку вылучэньня Тацяны Караткевіч кандыдатам у прэзыдэнты.

Старшыня ЦВК, у прыватнасьці, заявіла:

«Ніякіх грамадзкіх камісіяў па праверцы подпісаў Караткевіч быць ня можа. Усе іншыя дзеяньні — самаўпраўства. Мы ня будзем даваць ніякіх парадаў па праверцы подпісаў. Тым больш, калі ў Караткевіч ксэракопіяў не засталося, то і перадаваць няма чаго», — адзначыла яна.

Лідзія Ярмошына таксама падкрэсьліла, што калі «гэтыя грамадзяне» перашкодзяць працы па арганізацыі выбараў, то ЦВК зьвернецца ў пракуратуру, каб іх прыцягнулі да адказнасьці.

Лідзія Ярмошына сказала, што, на яе думку, ёй уогуле незразумела, хто будзе займацца гэтай праверкай.

«Гэта што, нейкія цёткі ў двары зьбяруцца і будуць правяраць? Хаця рэальна правесьці такую праверку магчыма, пры ўмове, калі ў Тацяны Караткевіч засталіся ксэракопіі сабраных ёю подпісаў. Але калі мы заўважым, што такія дзеяньні будуць перашкаджаць выбарчай кампаніі, то вінаватыя ў гэтым будуць прыцягнутыя да судовай адказнасьці», — падкрэсьліла Лідзія Ярмошына.