26 жніўня адбылося першае паседжаньне грамадзкай камісіі дзеля праверкі сапраўднасьці подпісаў, сабраных за вылучэньне на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь прадстаўніцы кампаніі «Гавары праўду» і БСДП (Грамада) Тацяны Караткевіч. Удзел у ім узялі прадстаўнікі шэрагу палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў.
Партыю БНФ, якая кажа, што сабрала 10 300 подпісаў з агульнага ліку 107 000, пра які заявіла каманда Караткевіч, прадстаўляў яе старшыня Аляксей Янукевіч. Аргкамітэт дзеля стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» — яго сустаршыня Павал Севярынец. Кампанію «Наш дом» — Валеры Шчукін, рух «За свабоду» — першы намесьнік старшыні Юрась Губарэвіч.
Грамадзкая камісія вызначыла мэтодыку працэдуры праверкі і крытэрыі яе аб’ектыўнасьці.
Гаворка ідзе пра візуальны агляд падпісных аркушаў, падлік усёй заяўленай колькасьці подпісаў, сартаваньне па рэгіёнах, населеных пунктах, вуліцах і дамах, выбарачную «празвонку» падпісантаў.
Сфармаваная працоўная група, каардынатарам якой абраны кіраўнік менскага аддзяленьня руху «За свабоду» Юрась Меляшкевіч. Ён упаўнаважаны кантактаваць з выбарным штабам Тацяны Караткевіч.
Кіраўнік штабу Караткевіч Андрэй Дзьмітрыеў заявіў, што гатовы даць на праверку копіі подпісаў.
У склад працоўнай групы ўвайшлі 15 чалавек, якія прадстаўляюць грамадзкія і палітычныя структуры.