Пра гэта яна заявіла Радыё Свабода.
«Вядома, я ня супраць. Я упэўненая ў тых подпісах, якія былі сабраныя, уся мая каманда ўпэўненая ў гэтым — у нас ніякіх сумневаў няма. Але я лічу, што трэба засяродзіцца на тым, каб працаваць з грамадзтвам. Цяпер я думаю пра падрыхтоўку этапу агітацыі, я павінна зрабіць справаздачу для ЦВК, а астатнія суб’екты рыхтуюцца да кампаніі назіраньня — і гэта, я лічу, сёньня самае важнае», — кажа Тацяна Караткевіч.
У панядзелак рух «За свабоду» апублікаваў адкрыты зварот да Тацяны Караткевіч, у якім заклікае патэнцыйную кандыдатку ў прэзыдэнты правесьці незалежную грамадзкую праверку сабраных подпісаў, бо «ў публічнай прасторы чуваць настойлівыя галасы недаверу датычна рэальнай колькасьці подпісаў».
З гэтай прапановай пагадзіўся Аляксей Янукевіч — старшыня Партыі БНФ, якая падтрымала на гэтых выбарах Тацяну Караткевіч. Акрамя таго, ён паведаміў, што сябры Партыі БНФ сабралі за Караткевіч 10 300 подпісаў (з агульных 107 тысяч, здадзеных у выбаркамы), і іх копіі яны гатовыя перадаць на грамадзкую праверку.
«Калі сапраўды штаб Караткевіч гатовы да такой праверкі, то засталася справа за малым — стварыць адмысловую камісію з прадстаўнікоў палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, аўтарытэтных асобаў, якія публічна выказваліся датычна тэмы сапраўднасьці подпісаў і якія зацікаўленыя ў высьвятленьні праўды», — адзначыў у сваім Фэйсбуку першы намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.
Некаторыя структуры, у прыватнасьці аргкамітэт па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», ужо заявілі пра гатоўнасьць прыняць удзел у працы адмысловай камісіі.
На думку палітычнага аналітыка Аляксандра Класкоўскага, пытаньне даверу ў беларускай апазыцыі стварэньнем тых ці іншых грамадзкіх камісіяў усё роўна вырашана ня будзе.
«Пытаньне даверу ў апазыцыі зьвязанае ня толькі з Караткевіч — гэта вельмі даўняя праблема, і яна зьвязаная найперш з разьяднанасьцю беларускай апазыцыі. Мы ведаем, што з гэтай жа прычыны ня здолелі абраць адзінага кандыдата.
А што тычыцца Тацяны Караткевіч, то яна аказалася сёньня адзінай з дэмакратычных сілаў, якая мае шанец стаць зарэгістраваным кандыдатам.
Я думаю, што тут шэраг чыньнікаў працуе на тое, што так дружна накінулася апазыцыя на яе (вось тут якраз прыклад кансалідацыі — толькі адмоўны): і гэты татальны недавер працуе, і момант нейкай рэўнасьці працуе, і пэўная рэпутацыя „Гавары праўду“, якую частка апазыцыі ня лічыць сапраўднай апазыцыяй (гучаць такія азначэньні, як „спарынг-партнэры ўлады“ і г.д.).
Карацей кажучы, гэта такі вузел супярэчнасьцяў, і я думаю, што ў „Гавары праўду“ разумеюць, што цяпер трэба па магчымасьці гэтыя абвінавачваньні адкінуць. Адпаведны жэст ужо зрабіў Дзьмітрыеў, прапанаваўшы: прыходзьце, маўляў, і правярайце гэтыя подпісы.
Але я думаю, што зладзіць гэты працэс як сьлед не пашэнціць менавіта праз татальны недавер, таму што ўжо гучаць галасы: а хто гэтыя правяральшчыкі? яны, маўляў, самі ў выбарах ня ўдзельнічалі...
Я думаю, што гэта зачараванае кола, і вырвацца зь яго можна толькі ўвогуле нейкім перафарматаваньнем апазыцыі — яна павінна, як зьмяя, са старой скуры вылезьці», — заявіў ён у інтэрвію Радыё Свабода.