Экспэрты Bloomberg лічаць, што казахскі тэнге — не апошняя сусьветная валюта, якую чакае рэзкае падзеньне (дэвальвацыя) з-за зьніжэньня коштаў на нафту і іншыя сыравінныя тавары. Экспэрты агенцтва назвалі яшчэ 11 валют, курс якіх можа абрынуцца ў бліжэйшыя дні або тыдні.
1. Самая вялікі рызыка дэвальвацыі (падзеньня) існуе для рыяла Саудаўскай Аравіі. Краіна — самы буйны экспарцёр сырой нафты ў сьвеце, прычым даходы ад нафтаэкспарту ідуць непасрэдна ў бюджэт. Тым ня менш, экспэрты Bloomberg адзначаюць, што краіна мае $ 672.000.000.000. даляраў фінансавых рэзэрваў. І гэтая «падушка» здольная доўга падтрымліваць на плыву курс рыяла.
2. Другое месца па рызыцы займае туркмэнскі манат. Эканоміка Туркмэністану таксама заснаваная на экспарце нафты. Але ў дадатак да гэтага краіна мае цесныя эканамічныя сувязі з Расеяй, дзе рубель за апошнія паўгоду страціў каля 20% кошту. Паводле прагнозаў банка SEB AB, манат у бліжэйшыя паўгоду таксама страціць 20% кошту.
3. Таджыцкі самані. Галоўная рызыка, зьвязаная з падзеньнем гэтай валюты — шчыльныя эканамічныя сувязі Таджыкістану з Казахстанам, на які прыпадае каля 11% таваразвароту краіны. Экспэрты прадракаюць самані падзеньне на 10-20% у бліжэйшыя тыдні.
4. Армянскі драм. Валюта ўжо страціла 15% кошту за апошні год, і гэты працэс верагодна будзе працягвацца. Прычына — цесныя эканамічныя сувязі з Расеяй, дзе падае рубель: чвэрць гандлёвага абароту Армэніі прыходзіцца менавіта на РФ.
5. Кіргіскі сом. Экспэрты BMI Research называюць галоўнай прычынай рызыкі аслабленьня гэтай валюты цесныя сувязі з Казахстанам.
6. Эгіпэцкі фунт. У Эгіпце асноўныя прычыны дэвальвацыі нацыягальнай валюты — унутраныя. Ад 2011 году, калі адбыліся падзеі «Арабскай вясны», у краіне была абмежаваная купля замежнай валюты, што выклікала неабгрунтаваны рост фунта. Трэйдэры мяркуюць, што ў бліжэйшы год фунт чакае падзеньне прыкладна на 22%.
7. Турэцкая ліра. З моманту дэвальвацыі ў Кітаі гэтая валюта адчувае сябе найбольш «дрэнна». Дэвальвацыю, хутчэй за ўсё, падштурхне палітычная напружанасьць у краіне і верагодныя датэрміновыя выбары.
8. Нігерыйская найра. Нігерыя таксама зьяўляецца буйным экспарцёрам нафты, і ў апошнія гады штучна падтрымлівала курс нацыянальнай валюты на досыць высокім узроўні. Паводле прагнозаў, курс найры ў адносінах да даляра ў бліжэйшы год павінен апусьціцца прыкладна на 20%.
9. Сэдзі Ганы. Краіна таксама зьяўляецца буйным экспарцёрам нафты. Але дэвальвацыя яе валюты, у адрозьненьне ад Нігерыі, будзе зьвязана з праблемамі бюджэту, ростам інфляцыі і нарошчваньнем зьнешняга доўгу.
10. Замбійская квача. Краіна таксама пацерпіць ад рэзкага зьніжэньня сусьветных цэн на сыравіну: 70% яе экспарту прыпадае на продаж медзі ў Кітай.
11. Малайзійскі рынгіт. Гэтая валюта ў чацьвер ўжо апусьцілася да мінімуму за апошнія 17 гадоў, а золатавалютныя рэзэрвы краіны ўпершыню з 2010 году зьнізіліся да ўзроўню менш як $ 100 млрд.