Памятаю, як ледзь не падскокнуў ад сьмеху, калі пачуў за сваёй сьпінай прамоўленую добрай літаратурнай расейскай мовай заўвагу ад сталай дамы. Маўляў, што ж вы так няправільна па-беларуску гаворыце?
Гэта была сярэдзіна 1990-х, калі беларуская мова ўжо актыўна выкарыстоўвалася ў разнастайных асяродках Менску. І ў прыватнай, і ў публічнай прасторах ішлі моватворчыя працэсы. Для мяне і маіх знаёмых беларуская мова ўжо колькі гадоў як не была школьнай. Нават новы беларускі слэнг паўставаў. А трасянка выкарыстоўвалася, каб у размове падкрэсьліць іронію ці сарказм. Букет. Песьня. Драйв. Палёт.
І тут бац – «няправільна».
Таракан «гаварыце правільна» водзіцца звычайна ў беларускіх галовах «людзей добрага выхаваньня» і «добрай адукацыі».
У кожнай краіне разьвітая мова мае не адзін, а некалі ўзроўняў кшталту. Бездакорнай літаратурнай звычайна гавораць дыктары на ТВ, артысты ў тэатры і кіно, ці проста спадкаемная эліта, дзе родзічы заканчвалі ўнівэрсытэты з генэрацыі ў генэрацыю.
Літаратурная бездакорная існуе для пэўных сытуацый. Звычайна гэта афіцыйныя мерапрыемствы, дзелавыя сустрэчы і ўласна літаратурныя выступы.
Днямі слухаў у грамадзкім транспарце: дзяўчына распавядала хлопцу як яе карабаціць расейская гаворка менчукоў. З кантэксту было зразумела, што абодва жыхары Беларусі, і што дзяўчына вучыцца на аддзяленьні жывапісу ў Акадэміі мастацтваў.
Дзяўчына пералічала словы расейскай мовы, якія вымаўляюцца няправільна. Думаю, яна не здагадвалася, што няправільнасьць – гэта рэшткі беларускай мовы. «Ихний», «бежи», «нагинаться» і т.п.
Цікава, што вымаўленьне менчукоў, прынамсі, «дзеканьне» і «цеканьне», дзяўчына не крытыкавала. Магчыма, таму, што іншыя варыянты расейскай мовы жыўцом калі й чула, то ня часта.
Саміх расейцаў ня дзівіць, калі яны ў Беларусі сустракаюць «не такую» расейскую мову, як у іх. Урэшце, яны едуць хоць у «Русію», пафарбаваную белым колерам, але не ў Расею.
У Беларусі людзей, якія ніколі не дачыняліся з жывой расейскай і беларускай гаворкай, ня так ужо і мала. Ды болей за тое: проста з жывой гаворкай. Апроч «сапсаванай менскай», якая так раздражняе. Я вобразна акрэсьліваю такіх людзей носьбітамі «лінгвістычнага каляніяльнага сындрому».
Размовы пра нацыянальнае, пра адраджэньне і разьвіцьцё аўтахтоннасьці для іх невыносныя. Тыя самыя размовы, якія гучаць цяпер з «кожнага праса», ці то беларускага, ці то расейскага СМІ, а найперш – у сацсетках.
Я магу зразумець гэтых людзей. Яны вырасьлі ў штучна створаных сацыяльных умовах, у інкубатары савецкага экспэрымэнту па стварэньні новага чалавека. А калі экспэрымэнт праваліўся, «клянаваныя» сацыя-культурныя пэрсанажы засталіся сам насам з рэальнасьцю.
Але выхад з сытуацыі заўжды ёсьць. Напрыклад, паспрабаваць паглядзець па баках, і ўгледзецца ў тую менавіта краіну, дзе ты нарадзіўся і жывеш.