Ён завёўся ў беларускай галаве адносна нядаўна. Калі РПЦ з царквы, прыціснутай уладамі, з царквы, якая выклікала спагаду, ператварылася спачатку ў бізнэс-імпэрыю (якая, дзякуючы падаткавым ільготам, пасьпяхова гандлявала гарэлкай і тытунём), затым у бюро добрых паслуг (цікава, ці існуе штосьці, акрамя офісаў і зброі, чаго яны не асьвячаюць?), а затым ў імпэрскі ідэалягічны орган. Варожы ня толькі архітэктурным помнікам беларускага, дасталінскага праваслаўя, але і самой ідэі беларускай дзяржаўнасьці.
Часам здаецца, што цэрквы ў новых мікрараёнах будуюць хутчэй за паліклінікі і дзіцячыя садкі. Але ад колькасьці храмаў вернікаў не паболела. Паболела друкаваных абразоў у аўтамабілях і залатых крыжоў на шыях.
Тое, што сымбалізуе сабой залаты крыж, мала датычыцца веры. Веры ня важная проба золата і вага расьпяцьця. І вядома, залаты крыж зусім ня сьведчыць пра глыбокую рэлігійнасьць. Бо калі б кожны носьбіт нацельнага крыжа хадзіў да споведзі, дык па нядзелях у храмы было б не пратаўкнуцца. Але чэргі ў храмы асабіста я назіраю толькі на Вадохрышча. «Калі даюць сьвятую ваду».
Дзіўлюся, чаму дагэтуль РПЦ, арганізацыя, такая акуратная ў грашовых пытаньнях, не паставіла раздачу вады на камэрцыйную аснову? Бо мяркуючы па аб’ёму тых бідонаў і каністраў, зь якімі гарадзкія налятаюць на тую ваду, сьвятасьць і «благія помыслы» не павінны пакідаць іх круглы год. Да наступнай раздачы.
Калі б за кожны літар сьвятой вадзіцы РПЦ брала па адной тысячы рублёў, як можна было б абнавіць аўтапарк. Ня тое што «благочинные», «дьячки» бы на мэрсах расьсякалі.
Але знайшоўся ў Менску сьціплы герой, які, нібы ў полі воін, адзін выйшаў біцца ня толькі з пачвараю маскоўскай, тараканічшам златаглавым, але і з фарысействам рымскім. Імя героя мне невядомае. Але працуе ён ва ўстанове, якую на ленінскім суботніку будаваў сам Аляксандар Рыгоравіч зь Мікалаем Аляксандравічам! У аквапарку «Лябяжым», куды я днямі наведаўся зь сям’ёй.
Спачатку наведнік плаціць грошы за ўваход. Затым, разьдзеўшыся, уваходзіць у аква-зону. Вось тут яго і чакае сюрпрыз. Стройныя і ўсьмешлівыя кантралёркі ласкава нагадваюць, што кліент разьдзеўся не да канца. І вельмі настойліва папросяць наведніка «зьняць усё з шыі». Уключна з нацельным крыжыкам.
Наведнік перажывае шок – ЧАМУ?
«Для Вашай жа безапаснасьці! Вы представляеце, што можэт случіцца на скорасьці ў трубе?»
Я паспрабаваў уявіць гэты жах. У трубу сядае вясёлы адпачывальнік, а з трубы вылятае пасінелы труп, задушаны ўласным ланцужком.
«У вас што, хуткасьць, як на касьмічных трэнажорах?», – спытаў я, здымаючы крыжыкі зь дзяцей.
«Такія ў нас правілы!»
Але побач адбывалася сапраўдная драма. Прыгожая дама сталага веку ніяк не хацела разьвітвацца з нацельным крыжыкам нават на тры гадзіны. «Как можна? Эта жэ сьвятое!» Але зразумеўшы, што з крыжыкам на горкі ня пусьцяць, дама ўсё ж пайшла «супраць сьвятога».
Такія канфлікты, як распавяла мне служка «Лябяжага», у іх адбываюцца ледзь не штогадзіну. І, вядома, ня з носьбітамі знакаў задыяка і паганскіх амулетаў. Крыжыкі пасьля скандалаў і мольбаў вымушаныя здымаць і юныя дзевы, і атлетычныя амбалы, і немаладыя спадарыні. Бо грошы назад не вяртаюць.
Але я ведаю, як дапамагчы зьняць канфліктныя сытуацыі. Даю «Лябяжаму» бясплатную параду. Трэба напоўніць басэйны аквапарку сьвятой вадой. Нават абразы над горкамі можна ня вешаць. Народу штодня будзе ня менш, чым на Вадохрышча.
Але, баюся, ня пойдзе на гэты крок незнаёмы герой. Не для таго ён прыдумаў такія правілы.