Ад Партыі БНФ у склад тэрытарыяльных выбарчых камісіяў было вылучана 15 прадстаўнікоў: адзінаццаць — ад зарэгістраваных мясцовых структураў партыі, яшчэ чацьвёра — шляхам збору подпісаў. Па выніках фармаваньня тэрытарыяльных камісіяў у іх склад былі ўключаныя толькі два сябры Партыі БНФ — Кастусь Смолікаў і Зьміцер Касьпяровіч, якія ўвайшлі адпаведна ў Віцебскую абласную і ў Менскую гарадзкую камісіі.
Ніводзін прадстаўнік партыі ня быў уключаны ў раённыя камісіі, якія непасрэдна кантралююць працу ўчастковых камісіяў.
«Неўключэньнем у склад камісіяў прадстаўнікоў партыі ўлады парушылі правы Партыі БНФ на ўдзел у выбарах, гарантаваныя часткай 1 арт. 21 Закона Рэспублікі Беларусь „Аб палітычных партыях“. Абсалютнае дамінаваньне ў складзе тэрытарыяльных камісіяў ляяльных уладам структураў парушае прынцып роўнасьці ўмоваў для ўсіх кандыдатаў на выбарах», — сьцьвярджаюць у Партыі БНФ.
Згодна з артыкулам 34 Выбарчага кодэксу суды павінны разгледзець скаргі на фармаваньне выбарчых камісіяў цягам трох дзён.