Расея «ў прынцыпе» ня згодная з ідэяй правядзеньня міжнароднага трыбуналу па справе аб катастрофе малайзійскага «Боінга» ў Данецкай вобласьці ў ліпені мінулага году, заявіў намесьнік міністра замежных спраў Генадзь Гацілаў.
Расьсьледаваньне яшчэ працягваецца, і ніякіх канчатковых высноваў ня зроблена. У гэтай сувязі «прыняцьце нейкіх рэзалюцыяў са стварэньнем трыбуналаў выглядае вельмі заўчасным і нелягічным», растлумачыў расейскі дыплямат. Паводле яго слоў, Нідэрлянды павінны прадставіць даклад аб прычынах катастрофы да канца году.
Раней Нідэрлянды выступілі з ініцыятывай стварэньня міжнароднага трыбуналу пры ААН для судовага перасьледу асобаў, якія маюць дачыненьне да гібелі пасажырскага авіяляйнэра «Боінг» кампаніі Malaysia Airlines. Улады Малайзіі падтрымалі гэтую ініцыятыву і заявілі, што маюць намер унесьці адпаведную рэзалюцыю ў Раду Бясьпекі ААН.
Самалёт, які рухаўся з Амстэрдама ў Куала-Лумпур, разьбіўся пад Данецкам 17 ліпеня мінулага году. Ўсе 298 чалавек, якія знаходзіліся на борце самалёта, загінулі. Большасьць загінулых былі падданымі Нідэрляндаў.
Прыярытэтнай у міжнародных экспэртаў застаецца вэрсія пра тое, што ляйнэр быў зьбіты зь зямлі зэнітна-ракетным комплексам «Бук» расейскай вытворчасьці і, хутчэй за ўсё, з удзелам расейскага экіпажу. Масква абвяргае абвінавачваньні ў датычнасьці да гібелі «Боінга».