Як заявіў у чацьвер амбасадар Малайзіі ў ААН Рамлан Бін Ібрагім, яны спадзяюцца, што праект рэзалюцыі аб гэтым могуць прадставіць на разгляд Рады бясьпекі ААН ужо ў ліпені.
На мінулым тыдні экспэрты-юрысты ўжо падалі ў Раду бясьпекі для папярэдняга вывучэньня праект статута такога трыбуналу і праект рэзалюцыі Рады бяспекі аб яго стварэньні, паведамілі дыпляматы.
А на гэтым тыдні ідэю ўхвалілі ўсе пяць краін, якія сумесна расьсьледуюць трагедыю, — Малайзія, якой належаў самалёт, Украіна, над якой ён быў зьбіты, а таксама Нідэрлянды, Аўстралія і Бэльгія, якія страцілі ў самалёце найбольш сваіх грамадзян.
Як заявіла міністар замежных спраў Аўстраліі Джулія Бішоп, урад яе краіны адданы ідэі супрацоўнічаць з міжнароднай супольнасьцю, каб дамагчыся справядлівасьці для сем’яў ахвяр.
Ініцыятары стварэньня міжнароднага суду пры падтрымцы ААН спадзяюцца, што гэта зможа прымусіць Расею да супрацоўніцтва.
Іх аргумэнтацыя заключаецца ў тым, што Расея будзе вымушана альбо пагадзіцца з гэтым, або скарыстацца сваім правам вета ў Радзе бясьпекі і рызыкаваць тым, што яе палічаць галоўнай перашкодай у ажыцьцяўленьні правасудзьдзя над масавымі забойцамі цывільных людзей. Але і ў такім выпадку суд можа быць створаны рашэньнем Генэральнай асамблеі ААН, у якой правы вета не існуе ні ў каго.
Раней Рада бясьпекі ААН ужо прымала рэзалюцыю, у якой заклікала прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у трагедыі.
Між тым у Крамлі адмовіліся камэнтаваць папярэднія першыя паведамленьні пра магчымасьць стварэньня такога суду.
Як сказаў з гэтай нагоды Рамлан Бін Ібрагім, Малайзія ўжо папярэдне абмяркоўвала гэтае пытаньне з Расеяй, але, паводле яго слоў, яшчэ рана казаць, Масква падтрымае такую рэзалюцыю.
Авіяляйнэр «Боінг-777» авіякампаніі «Малазійскі авіялініі» рэйсу MH17 з Амстэрдама ў Куала-Лумпур быў зьбіты ў небе над часткай усходу Ўкраіны, захопленай падтрымоўванымі Расеяй сэпаратыстамі, 17 ліпеня 2014 года. Загінулі ўсе 298 чалавек, якія знаходзіліся на борце. Каля двух трацін зь іх былі грамадзяне Нідэрляндаў, і Ўкраіна перадала расьсьледаваньне справы гэтай дзяржаве.
Зараз у Нідэрляндах працягваецца два асобных сьледзтва: Рада расследаваньняў па пытаньнях бясьпекі вывучае падрабязнасьці катастрофы, і яе справаздача чакаецца ў кастрычніку, а пракуратура расьсьледуе крымінальную справу аб катастрофе і мае на мэце вызначыць вінаватых, і, верагодна, назаве падазраваных пасьля справаздачы Рады расьсьледаваньняў у пытаньнях бясьпекі. Хоць фармальна яшчэ не выключана ні адна вэрсія, асноўнай лічаць зьбіцьцё самалёта з зэнітна-ракетнага комплексу «Бук», які прадаставіла для сэпаратыстаў Расея. Гэта выклікае здагадку, што сярод названых вінаватымі могуць апынуцца грамадзяне Расеі.