Агенцтва Reuters паведаміла, што яго журналісты знайшлі новых відавочцаў таго, як у небе над Данецкай вобласьцю 17 ліпеня 2014 году быў зьбіты пасажырскі «Боінг» Малайзійскіх авіяліній, які рухаўся ў Куала-Лумпур. Усе 298 чалавек, якія знаходзіліся на борце, тады загінулі.
Чацьвёра жыхароў пасёлка Чырвоны кастрычнік на Данеччыне заявілі пра тое, што бачылі, як за лічаныя хвіліны да падзеньня самалёта быў ажыцьцёўлены запуск ракеты. Прычым, яны бачылі менавіта ўзлёт ракеты. Яе, як апісваюць гэта відавочцы, запусцілі з тэрыторыі, кантраляванай прарасейскімі сэпаратыстамі. На гэтай тэрыторыі знаходзіцца пасёлак Чырвоны кастрычнік.