Сёньня пачаўся візыт у Беларусь кіраўніка Рускай праваслаўнай царквы, патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.
Ён прымеркаваны «да 1000-годьдзя з дня сьмерці святога роўнаапостальнага князя Ўладзіміра — хрысьціцеля Русі, а таксама да сьвяткаваньня памяці Сабору беларускіх сьвятых і 70-годьдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне», паведамляе прэс-служба патрыярха.
Спачатку патрыярх Кірыл возьме ўдзел у цырымоніі ўскладаньня вянка да абеліска на плошчы Перамогі. Пазьней кіраўнік РПЦ узначаліць служэньне ютрані ўсяночнага няспаньня ў Свята-Духавым катэдральным саборы на плошчы Свабоды. У Верхнім горадзе з удзелам патрыярха Кірыла пачнецца цырымонія адкрыцьця Духоўна-адукацыйнага цэнтру Беларускай праваслаўнай царквы.
«У сьценах комплексу, збудаванага пры актыўнай дапамозе беларускай дзяржавы, будуць разьмяшчацца Менская духоўная акадэмія, задачай якой зьяўляецца падрыхтоўка багаслоўскіх кадраў вышэйшай вучонай кваліфікацыі, і памяшканьні профільных структур Беларускага экзархату. Плянуецца, што цэнтар стане базай для рэалізацыі шэрагу асьветніцкіх, культурных, моладзевых і іншых праграм», — паведамляе сайт Маскоўскага патрыярхату.
Затым кіраўнік РПЦ адбудзе ў Берасьце, дзе раніцай 21 чэрвеня адслужыць Боскую літургію ў Уваскрасенскім саборы.
У ноч з 21 на 22 чэрвеня патрыярх Кірыл правядзе памінальную літыю па воінах-вызваліцелях у Мікалаеўскам гарнізонным саборы Берасьцейскай крэпасьці, а таксама возьме ўдзел у жалобным мітынгу-рэквіеме на плошчы Цырыманіялаў у крэпасці. Мітынг пачнецца а 4-й гадзіне — час пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў 1941 годзе.
«Нягледзячы на тое, што гэты візыт прымеркаваны да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, і 22 чэрвеня патрыярх наведае Берасьсейскую крэпасьць — сымбаль гэтай вайны, асабліва для беларусаў, я лічу, што галоўнае значэньне гэтага візыту ў адкрыцьці духоўна-адукацыйнага цэнтру», — адзначае ў размове са Свабодай міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:
«РПЦ зьяўляецца адным з важнейшых інструмэнтаў правядзеньня палітыкі «рускага міру». Дарэчы, другім, а можа нават і першым, такім інструмэнтам зьяўляецца Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі. І новы цэнтар стане сродкам яшчэ большага павелічэньня ўплыву Расеі на Беларусі. Хоць патрэбна, як кажуць, справядлівасьці дзеля, адзначыць, што нядаўна ў Менску адкрылі і першую каталіцкую акадэмію. І я думаю, што адкрыцьцё адукацыйных установаў дзьвюх найбуйнейшых цэркваў ідзе на карысьць іміджу рэжыму Лукашэнкі.
Гэта ўжо чацьвёрты візыт патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі ў межы Беларускай праваслаўнай царквы. І калі Кірыл гаворыць, што ў Берасьцейскай крэпасьці верагодна загінуў ягоны дзядзя, то яшчэ адзін ягоны сваяк, калі я не памыляюся, дзед, загінуў у ГУЛАГу. Чацьвёрты візыт, і зноў у праграме няма наведваньня Курапатаў — сымбалю ахвяр сталінізму. Хоць вядомыя ў Расеі месцы сталінскіх злачынстваў прызнаюцца РПЦ як сьведкі злачынстваў сталінскай улады».
Асобна трэба сказаць і пра ўкраінскі аспэкт гэтага візыту, — працягвае Раман Якаўлеўскі:
«У РПЦ Маскоўскага патрыярхату два экзархаты — украінскі і беларускі. І герархі УПЦ МП у Сьвяшчэнным Сінодзе, а гэта вышэйшы орган РПЦ, складаюць бальшыню. І яны мелі вырашальнае дачыненьне да абраньня Кірылы патрыярхам.
Сёньня сытуацыя мяняецца — як вынік вайны ва Ўкраіне РПЦ губляе свой уплыў на УПЦ, дзе бальшыня герарахаў — грамадзяне Ўкраіны. І трэба адзначыць, што пасьля анэксіі Крыма прыходы УПЦ не перайшлі пад юрысдыкцыю РПЦ. Відавочна, што ў Маскве разумелі: калі б такое здарылася, Масква канчаткова страціла б для сябе Ўкраінскую праваслаўную царкву. І тут хочацца нагадаць, што кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Павал застаецца па-ранейшаму грамадзянінам Расеі».