Улетку ў Беларусі пачне вяшчаньне тэлеканал «Украіна заўтра», — Юры Стэць

Міністар інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны Юры Стэць

Пра гэта заявіў міністар інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны Юры Стэць падчас ток-шоу «Справа прынцыпу» на тэлеканале АНТ.

«Мы ўсе рэчы прагаварылі, засталіся толькі тэхнічныя нюансы і запуск каналу, — сказаў Стэць. — Мы спрабуем яго запусціць у бліжэйшы час, думаю, на працягу месяца-двух мы яго запусьцім, і вы яго ўбачыце ў Беларусі».

Паводле ўкраінскага міністра, ён знаходзіцца ў пастаянным узаемадзеяньні па гэтым пытаньні зь міністрам інфармацыі Беларусі Ліліяй Ананіч. Ён таксама паведаміў, што бакі павінны ўзгадніць неабходныя дакумэнты.

Юры Стэць таксама падзякаваў прэзыдэнтам Украіны і Беларусі за магчымасьць даць беларусам «пункт гледжаньня Кіева на тое, што адбываецца на Ўсходзе Ўкраіны». «Для нас гэта вельмі важна», — сказаў Стэць.

Летась 21 сьнежня падчас сустрэчы прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і прэзыдэнта Ўкріаны Пятра Парашэнкі ў Кіеве была дасягнутая дамоўленасьць пра стварэньне сумеснага тэлеканалу дзьвюх краін.

Тэлеканал Ukraine Tomorrow будзе своесасблівым адказам на расейскі тэлеканал Russia Today.