Беларускія добраахвотнікі спадзяюцца атрымаць грамадзянства Ўкраіны і асьцерагаюцца вяртацца дадому.
Пра гэта ў інтэрвію obozrevatel.com распавёў 20-гадовы добраахвотнік зь Беларусі Док з добраахвотніцкага Ўкраінскага Корпусу.
«Я хачу спытаць у Пятра Парашэнкі, навошта ён паабяцаў 2 сьнежня даць грамадзянства ўсім добраахвотнікам-замежнікам, калі, мяркуючы па цяперашніх рэаліях, не зьбіраўся выконваць гэтае абяцаньне? Для гэтага ж ня трэба рашэньня Вярхоўнай Рады — гэта права прэзыдэнта. Ён жа сваім указам выдае грамадзянства журналістам, футбалістам, сваім сябрам, міністрам, яшчэ некаму... Толькі пакуль грамадзянамі Украіны станавіліся пераважна журналісты і міністры. Для таго каб вырашыць праблемы такіх добраахвотнікаў, як я, Парашэнку патрэбна толькі папера і асадка. Калі што, я магу іх яму даць. На што — на што, а на гэта грошай у мяне хопіць», — сказаў Док.
У інтэрвію ён апавёў, што кінуў унівэрсытэт, дзе вучыўся на праграміста, каб «дапамагчы Ўкраіне выстаяць у вайне з Расеяй». Спачатку Док запісаўся ў батальён «Данбас». Пазьней мусіў перайсьці ў добраахвотніцкі Ўкраінскі Корпус, бо замежнікі, як ён кажа, якія вырашылі дапамагчы Ўкраіне, не атрымліваюць дапамогі ў адказ.
Большасьць замежнікаў-добраахвотнікаў сутыкаюцца з тым, што ім адмаўляюць у праве ваяваць на Данбасе. Нягледзячы на шматлікія абяцаньні ўкраінскіх палітыкаў, яны дагэтуль ня могуць разьлічваць на атрыманьне грамадзянства і нават на падаўжэньне трохмесячнага тэрміну знаходжаньня на ўкраінскай тэрыторыі.
Добраахвотнікаў зь Беларусі ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, ад 50 да 200. У большасьці сваёй яны маюць баявы вопыт.
Док распавёў, што ня можа вярнуцца на пару дзён у Беларусь, каб атрымаць права яшчэ тры месяцы легальна перабываць ва Ўкраіне.
Ёсьць вялікая рызыка, што я туды прыеду — і мяне проста на вакзале возьмуць КДБшнікі
«Я цяпер не магу вярнуцца дадому. Ёсьць вялікая рызыка, што я туды прыеду — і мяне проста на вакзале возьмуць КДБшнікі. Ужо былі выпадкі, некалькі чалавек так езьдзілі. У некаторых атрымлівалася. У некаторых — не. Такая лятарэя. Можна паехаць і не вярнуцца», — кажа Док.
Таксама Док распавёў, што добраахвотнікам-замежнікам не даюць магчымасьці ваяваць ва Ўкраіне.
«Вось людзі прыехалі за вашу краіну ваяваць — а ім не даюць гэтага рабіць. І яны вымушаныя самастойна шукаць магчымасьць, як працягваць ваяваць. Як працягваць дапамагаць тым патрыётам, якія знаходзяцца і на фронце, і ў тыле. Мы ўсё роўна застаёмся ва Ўкраіне. Шмат хто з нас тут яшчэ з часоў Майдана. Мы проста ня можам усё кінуць і здацца».
Чаму ж пытаньне грамадзянства, актуальнае для дзясяткаў, калі ня соцень, замежнікаў-добраахвотнікаў, ня вырашана, нягледзячы на шматлікія абяцаньні?
«Гэта проста нікому ня трэба. Калі б наша знаходжаньне ва Ўкраіне легалізавалі — мы б маглі стварыць асобнае падразьдзяленьне. Якую-небудзь інтэрнацыянальную дывізію, куды прымалі б па асобным законе або спэцыяльным дэкрэце прэзыдэнта. Дарэчы, Пуцін такі дэкрэт ужо даўно выдаў.
Была б такая легалізацыя — з краін НАТО таксама б многія прыехалі. А так, калі людзі разумеюць, што кінуць усё, прыедуць, а ім тут ня тое што гарантыяў ніякіх — зброю ня факт, што дадуць... Іншая справа, калі б замежнікам-добраахвотнікам, якія прайшлі Ірак, Аўганістан, з 20 гадамі баявога вопыту, афіцыйна ўкраінскія ўлады сказалі: добра, мы вам усё даём. Вось вам як рэзэрвістам зарплата — дапусьцім, тысяча грыўняў. Вось вам сацыяльныя гарантыі. У выпадку раненьня атрымаеце такую і такую матэрыяльную дапамогу. А гадкі два паслужыце — можаце разьлічваць на атрыманьне грамадзянства... Ды калі так прыгожа ўсё падаць — многія падумаюць: а чаму б і не? Цяпер жа ва Ўкраіну прыехалі самыя адчайныя. Тыя, хто гатовы на рызыку».
Якія рызыкі, калі ня ўлічваць таго, што можа здарыцца на вайне, ёсьць цяпер?
У мяне абсалютна няма ніякіх гарантыяў. Я цяпер — нелегал фактычна
«У мяне абсалютна няма ніякіх гарантыяў. Я цяпер — нелегал фактычна. І гэта ня толькі мая праблема. Некаторыя хлопцы аб’ядналіся ў невялікія групкі і вырашылі гэтае пытаньне. Але для большасьці праблема па-ранейшаму актуальная. Нельга ж сказаць: хлопцы, я з вамі тры месяцы паваяваў — паеду я цяпер пару месяцаў дзесьці пасяджу — і зноў вярнуся... Можа, у асобных падразьдзяленьнях падчас „замірэньня“ такое і спрацоўвае — але далёка ня ўсюды і не заўсёды. А калі будзе поўнамаштабная вайна, сказаць „хачу дадому, да жонкі і дзяцей“ ужо не атрымаецца».
Пра колькасьць расейскіх вайскоўцаў і наймітаў на Данбасе беларус-добраахвотнік сказаў:
«Гэта пытаньне да аналітыкаў. Магу сказаць толькі, што хлопцы, якія выходзілі з Ілавайску, у руках трымалі расейскія пашпарты. Вакол Ілавайску стаялі расейскія падразьдзяленьні. Расейскія афіцэры. У прынцыпе, там цяпер расейская армія на другім пляне, стаіць недзе — накшталт заградатраду. Такое ўражаньне складаецца. З таго, што бачыў сам — гэта пашпарты. Ды тое, што пакуль у Пясках быў, мы пастаянна чулі крыкі „Алах Акбар“. І як яны моляцца — гэтыя „шахцёры“ мясцовыя»...