«Расеі больш выгадна мець Беларусь не ў сваім складзе, а як братнюю дзяржаву. Пры ўмове, што яна будзе па-сапраўднаму братняй», – піша Ігар Асінскі ў камэнтах да паста Міхаіла Кадырава, які разважае на тэму – «У чым рацыянальнасьць антырасейскасьці, і ці ёсьць у ёй патрэбнасьць?».
Сутнасьць пытаньня, паводле сп. Кадырава, у тым, што можна любіць родную Беларусь, дбаць пра ейнае разьвіцьцё, адраджаць беларускую мову і культуру, «і пры гэтым талерантна, нават па-сяброўку ставіцца да Расеі, і ейнага народу».
Я адразу згадваю свой візыт у Тэрнопаль – горад у Заходняй Украіне, які ў свой час быў самым галоўным цэнтрам «бандэраўшчыны». Менавіта на Тэрнопальшчыне найбольш актыўна дзейнічала Ўкраінская Паўстанцкая Армія.
Помнікаў Леніну і К там да канца 1990-х ужо не засталося зусім. А вось Сьцяпану Бандэру – стаяў навюткі ў цэнтры Тэрнопаля. І глядзеў праз сквэр проста на помнік... Аляксандру Пушкіну, паэту і стваральніку расейскай літаратурнай мовы. Пушкін там і цяпер стаіць, у час, калі ва Ўкраіну ідзе расейская вайсковая агрэсія.
Там жа ў камэнтах да развагаў Міхаіла Кадырава Nikolay Ruchets піша пра беларусаў, якія «рускія па духу», і што яму вельмі хочацца быць часткай вялікай расейскай культуры. Ад сябе дадам, што Аляксандар Пушкін ёсьць ці не галоўным сымбалем «вялікай расейскай культуры».
Ахвяры ў Заходняй Украіне ад нашэсьця суседзяў з усходу дакладна невядомыя. Толькі пра дэпартаваных між 1939 і 1941 гаворка вядзецца больш як пра мільён чалавек.
Важна памятаць, што ў адрозьненьне ад большасьці іншых «нацыянальных ускраін» СССР, заходнія ўкраінцы з маскоўскай уладай упершыню за ўсю гісторыю сутыкнуліся толькі пад час баявых дзеяньняў Першай сусьветнай. А сыстэмна, паглыблена – толькі ў 1939.
Пушкін тварыў у час, калі Расейская імпэрыя альбо «пасіфікавала» новадалучаныя тэрыторыі – паўстаньне 1830-31. Альбо заваёўвала новыя – Каўкаская вайна 1817, 1829-64.
І вось цяпер Расея вядзе Ўкраінскую вайну, а Пушкін стаіць некрануты. Няма да яго «русафобіі». Чалавек займаўся культурай, прычым, у агульнаэўрапейскім кантэксьце. Чытаў тыя ж кніжкі, выпісваў тыя ж часопісы, што ягоныя равесьнікі ў Францыі, Брытаніі, Італіі ці Аўстра-Вугоршчыне, да якой належаў тады Тэрнопаль.
Тое, што беларусам, украінцам ды іншым суседзям Расеі падкідаюць пад выглядам «русафобіі» – гэта падманка, махлярскі трук. Маўляў, калі вы не прымаеце ідэалёгію НКВД-ФСБ-цара-і-ацечаства, то вы ненавідзіце Пушкіна, расейскі балет, і расейскі фальклёр.
«Расеі больш выгадна мець Беларусь не ў сваім складзе, а як братнюю дзяржаву. Пры ўмове, што яна будзе па-сапраўднаму братняй». Ідэоляг Асінскі вельмі выразна намякае на сутнасьць «брацкасьці». Замест «Беларусі» пастаў «Украіну» ці іншы «нацыянальны ўскраек». «Па-сапраўднаму брацкі» – гэта значыць, гуляць па правілах, якія з Крамля вам дашлюць заказной поштай, ці проста імэйлам.
А хто па-сапраўднаму «брацкі»? Ды кожны, хто прыяжджае да цябе не з дырэктывамі – як жыць, а, напрыклад, з томікам вершаў. Хоць з Расеі, хоць з Антыгуа-і-Барбуды.
Людзі ж браты па вызначэньні, а не па інструкцыі з ЦК.
Пушкін ня ваш – партыйны, а наш – братэрскі!