Раніцай 3 чэрвеня ў раёне Данецку сэпаратысты паспрабавалі прасунуцца наперад, — заявіў сёньня прэсавы сакратар антытэрарыстычнай апэрацыі (АТА) Андрэй Лысенка.
«У 3 раніцы праціўнік пачаў масіраваны абстрэл нашых пазыцый у раёне Мар’інкі і Краснагораўкі, у тым ліку і зь цяжкога ўзбраеньня. Яны ўжылі танкі, мінамёты, гарматы. Праціўнік спрабуе прасунуцца наперад. Украінскія вайскоўцы адбіваюць усе атакі і пасьпяхова ўтрымліваюць свае пазыцыі, сытуацыя пад кантролем» — сказаў ён. Па словах Лысенкі, у раёне Мар’інкі і Краснагораўкі за ноч сэпаратысты 40 разоў абстрэльвалі пазыцыі ўкраінскіх войскаў.
Паводле яго, «атака адбываецца на нешырокім участку фронту, таму казаць пра шырокамаштабнае наступ ворага нельга». «Гэтая сытуацыя не зьяўляецца штатнай, паколькі ёсьць выбухі, стральба, ёсьць параненыя. За суткі ніхто з нашых хлопцаў не загінуў — гэта цуд», — падкрэсьліў Лысенка. «Калі ціск будзе ўзмацняцца, будуць падцягнутыя рэзэрвы, будзе адпаведны адказ — падмацаваньне для ўтрыманьня пазыцый», — дадаў ён.
Сэпаратысты на сваіх сайтах таксама пацьвердзілі баі ў Мар’інцы.
Прэм’ер-міністар Украіны Арсені Яцанюк заявіў, што Расея «дала ўказаньне сваім тэрарыстам пачаць ваенную апэрацыю» на ўсходзе краіны перад самітам «Вялікай сямёркі», які адбудзецца 7-8 чэрвеня.