Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Беларусі ад апазыцыйнай партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін на партыйным зьезьдзе заявіў, што ня будзе заклікаць выбарцаў на Плошчу. Раней гэткую ж самую заяву зрабіла патэнцыйная кандыдатка ад «Народнага рэфэрэндуму» Тацьцяна Караткевіч.
Намесьніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім, таксама патэнцыйны прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта, сёньня паведаміла Свабодзе, што на пачатку чэрвеня адбудзецца сэсія Ўсебеларускага кангрэсу за незалежнасьць. Падчас дыскусіі дэлегаты кангрэсу, лічыць спадарыня Анісім, закрануць і гэты аспэкт выбарчай кампаніі. А сваё асабістае стаўленьне да праблемы Плошчы патэнцыйная кандыдатка называе «даволі прагматычным»:
«Калі ты кагосьці кудысьці заклікаеш, то ты павінен выразна растлумачыць мэту, задачу і парадак дзеяньняў. Таму ў дадзеным выпадку я б не хацела людзей заклікаць ні на якую Плошчу, маючы на ўвазе, што кожнае дзеяньне падразумявае пэўныя вынікі і наступствы. Паколькі на сёньняшні дзень Плошча можа выклікаць Анты-Плошчу, а значыць, пагаршаць становішча людзей і паглыбляць раскол у грамадзтве, то я лічу, што гэта няправільна.
Таму маё бачаньне гэтага пытаньня такое — трэба ўмець дамаўляцца. І трэба нарэшце навучыцца атрымліваць максымум выгады ад тых дзеяньняў, якія ты робіш. Максымум для сябе і максымум для краіны».
Яшчэ адзін патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што рыхтаваць людзей на Плошчу ўжо пачала сама ўлада:
«Той узровень карупцыі, які ёсьць, тая глыбіня фінансава-эканамічнага крызісу, якая існуе, і тыя дзеяньні, якія робяць улады, яны так ці інакш скіраваныя на тое, каб людзі выходзілі на пратэст. А па-другое, такое права дае людзям Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь.
Таму я ня буду рабіць ніякіх заяваў пра тое, каб людзі не хадзілі на Плошчу, каб яны не супраціўляліся глупствам і дурноце ўлады. Гэта робіць за мяне беларуская ўлада. І гэта дазваляе беларуская Канстытуцыя».
Партыя БНФ разам з шэрагам іншых дэмакратычных арганізацыяў на гэтых выбарах падтрымлівае Тацяну Караткевіч. «Але мы пакуль не абмяркоўвалі гэтае пытаньне, таму я выкладу сваё асабістае стаўленьне», — кажа старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч:
«У цяперашніх умовах Плошча ня можа зьяўляцца інструмэнтам дэмакратычных сілаў, сродкам дэмакратычных пераменаў. Яна можа быць толькі інструмэнтам улады па дыскрэдытацыі апазыцыі, перадусім нацыянальнай, і распачынаньні новай хвалі рэпрэсіяў.
Таксама відавочна, што пратэстныя акцыі такога кшталту, як Плошча ў 2010 годзе, могуць быць выкарыстаныя і нейкімі сіламі з па-за межаў Беларусі. Я маю на ўвазе Крэмль, які можа стварыць перадумовы дзеля яшчэ большай ізаляцыі беларускага рэжыму ад Захаду. А гэта азначае — і зрабіць яго яшчэ больш залежным ад Масквы.
Так, на сёньняшні момант нельга казаць, што Плошча можа быць нейкім сродкам для дэмакратычных сілаў. На маю думку, сёньня выклікаць на Плошчу было б безадказна. Гэта — гапонаўшчына».
Чарговыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, праўдападобна, адбудуцца 15 лістапада 2015 году.