Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дармаед Шульган зьбіраецца ў прэзыдэнты


Актывістка грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч і беспрацоўны Юры Шульган сёньня заявілі пра свой намер балятавацца ў прэзыдэнты Беларусі.

Спадарыня Караткевіч паведаміла пра гэта падчас онлайн-канфэрэнцыі ў інтэрнэт-газэце Naviny.by. Спадар Шульган абвясьціў пра сваё рашэньне на прэсавай канфэрэнцыі ў Беларускай партыі зялёных.

Юры Шульган — беспрацоўны з 2000 году. На пытаньне Свабоды, як ён будзе тлумачыць выбарцам, чаму не працуе ўжо 15 гадоў, спадар Шульган адказаў:

«Я па адукацыі выкладчык гісторыі. Але я не магу ісьці ў школу да дзяцей і выкладаць ім тое, што цяпер выкладаюць. Я не магу іх падманваць. Рэальную гісторыю я выкладаць не магу. І менавіта з-за гэтага я не працую па сваёй спэцыяльнасьці. Хлусіць дзецям я не магу. Дзеці — наша будучыня».

Старшыня партыі зялёных Алег Новікаў называе Шульгана не беспрацоўным, а дармаедам, маючы на ўвазе адпаведны дэкрэт прэзыдэнта Лукашэнкі:

«Я адразу хачу дэзавуіраваць думку некаторай часткі грамадзтва, што наша кампанія зьяўляецца нейкай клоўнскай, блазенскай, якая не адлюстроўвае трэндаў у грамадзтве. Гэта само па сабе памылка. Як сацыяльныя партыя мы ня можам ігнараваць дэкрэт аб так званых дармаедах. Ён б’е па вялікай колькасьці грамадзян краіны, у тым ліку па моладзі, якая зьяўляецца фокуснай групай для нашай партыі. Лічба, якая называецца ў афіцыйных колах (калі я не памыляюся, гэта 14,5%), — гэта паўмільёна чалавек. Гэта — нядрэнная армія, якая гатовая патэнцыйна падтрымаць нашага кандыдата. Таму для нас праца з гэтай групай зьяўляецца нядрэнным тэхналягічным ходам».

А кіраўнік выбарчага штабу Шульгана журналіст Паўлюк Канавальчык заявіў, што дзесьці празь месяц плянуецца правесьці ўсебеларускі зьезд дармаедаў, удзельнікі якога падтрымаюць кандыдатуру Шульгана як патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта.

Паўлюк Канавальчык
Паўлюк Канавальчык

Тацяна Караткевіч сёньня заявіла, што ня будзе клікаць выбарцаў на Плошчу:

«Ідэя пратэсту сёньня непапулярная ў нашым грамадзтве. Але калі людзі ўсё-ткі выйдуць на Плошчу, то я не застануся ўбаку. Выйду разам зь людзьмі і зраблю ўсё, каб прадухіліць магчымыя правакацыі і накіраваць гэты пратэст у мірнае рэчышча».

Тацяна Караткевіч
Тацяна Караткевіч

А свой намер балятавацца ў прэзыдэнты Тацяна Караткевіч абгрунтавала тым, што давярае ідэі «Народнага рэфэрэндуму»:

«Над ёй мы працавалі больш за два гады. Да таго ж для мяне вельмі важна прадстаўляць інтарэсы тых 120 тысяч беларусаў, якія паставілі свае подпісы пад ідэяй „Народнага рэфэрэндуму“, і тых 40% выбарцаў (а гэта больш за тры мільёны чалавек), якія лічаць, што парлямэнт павінен быў прызначыць народны рэфэрэндум. І я ўпэўненая, што менавіта ідэя „Народнага рэфэрэндуму“ зможа аб’яднаць беларусаў і вывесьці нашу краіну з крызісу».

Найбольш верагодная дата правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі — 15 лістапада 2015 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG