На Данбасе знаходзіцца ня менш за 9 тысяч расейскіх вайскоўцаў, усяго баевікоў у складзе незаконных узброеных фармаваньняў — 43 тысячы.
Пра гэта ўкраінскаму 5 каналу заявіў намесьнік камандуючага антытэрарыстычнай апэрацыяй Валянцін Федзічаў.
«Асабовага складу ўзброеных сіл РФ — каля 9 тысяч, усяго, з улікам расейскіх вайскоўцаў у складзе незаконных вайсковых фармаваньняў — 43 тысячы. Апэратыўна-тактычных ракет „Кропка-У“- 4, яны знаходзяцца на тэрыторыі Ўкраіны ад лета 2014 году. Пацьверджаных фактаў выкарыстаньня такіх ракет супраць украінскіх сілаў няма», — удакладніў Федзічаў.
Таксама на ўзбраеньні расейскай групоўкі ёсьць каля 190 танкаў, усяго на ўзбраеньні баевікоў танкаў больш за 700, перадае «Ўкраінская праўда».
Таксама Федзічаў заявіў:
«Ніякага арсэналу на тэрыторыях Данбасу, якія цяпер акупаваныя баявікамі, і дзе б захоўваліся боепрыпасы ці вайсковая тэхніка, не было. Заявы ваенна-палітычнага кіраўніцтва РФ пра тое, што тэхніка на Данбасе — не завезеная з РФ, а што гэта часткова захопленыя арсэналы — хлусьня», — заявіў Федзічаў.