«Рызыкі маштабнай эскаляцыі канфлікту ў Данбасе зьніжаюцца»

Уладзімер Фясенка

Вынікі ўчорашняй сустрэчы Трохбаковай кантактнай групы па Данбасе Свабодзе камэнтуе ўкраінскі палітоляг Уладзімер Фясенка.

На думку Ўладзімера Фясенкі, учора ў Менску быў прадэманстраваны пэўны прагрэс у перамоўным працэсе, да якога бакі рыхтаваліся загадзя:

«Кансэнсус быў знойдзены ня ў Менску. Кансэнсус быў знойдзены падчас тэлефонных перамоваў лідэраў „нармандзкай чацьвёркі“. Таму трэба разумець, што ў Менску самастойныя рашэньні не прымаюцца, у Менску толькі афармляюць тыя рашэньні, якія прымаюць лідэры і міністры замежных спраў „нармандзкай чацьвёркі“. Плюс цяпер зьявілася дадатковая галіна перамоваў Кэры — Лаўроў (дзяржсакратар ЗША і міністар замежных спраў Расеі), але гэта ўсё ж такі такая дадатковая галіна. А рашэньні прымаюцца „нармандзкай чацьвёркай“. Я так разумею, што менавіта на ўзроўні „нармандзкай чацьвёркі“ былі пераадоленыя супярэчнасьці, якія ўзьніклі ў „менскім фармаце“ наконт стварэньня працоўных падгрупаў», — кажа экспэрт.

Паводле спадара Фясенкі, гэтыя супярэчнасьці тычыліся фармату працоўных падгрупаў:

«Украінскі бок настойваў на тым, каб групы былі створаныя ў фармаце менскай кантактнай групы — 3+2. Сэпаратысты, як я разумею, хацелі, каб іхнія прадстаўнікі ўзначальвалі асобныя групы і таксама, мабыць, хацелі перамоваў наўпрост з Украінай без удзелу АБСЭ. Для Ўкраіны гэта непрымальна. Пакуль рана казаць, як яны будуць працаваць, інфармацыі пра фармат мала. Але, здаецца, кампраміс быў знойдзены, таму перамовы ў гэтых працоўных групах пачнуцца.

Думаю, што гэтыя перамовы будуць працяглымі. Ня варта чакаць хуткага выніку, таму што інтарэсы бакоў кардынальна адрозьніваюцца. Асабліва ў тым, што тычыцца статусу падкантрольных сэпаратыстам тэрыторыяў, мясцовых выбараў, эканамічных пытаньняў — тут таксама пазыцыі вельмі моцна адрозьніваюцца. Таму чакаць хуткага выніку ня варта. Я думаю, што перамовы будуць досыць складанымі і працяглымі».

Спадар Фясенка лічыць учорашнюю сустрэчу Трохбаковай групы ў Менску пачаткам новай фазы перамоўнага працэсу, якая можа адтэрмінаваць наступны віток збройнага супрацьстаяньня ў Данбасе.

«У прынцыпе, гэта ўсяляе адносны аптымізм, бо пакуль будзе працаваць фаза палітычнага ўрэгуляваньня (а яна будзе доўжыцца, на мой погляд, досыць доўга), ня варта чакаць хуткіх вынікаў. Бліжэйшыя, можа, 1–2 месяцы, пакуль не паўстане пытаньне, здымаць ці не здымаць з Расеі санкцыі, магчыма, Расея і сэпаратысты будуць устрымлівацца ад маштабнага наступу на Данбасе. Гэта такая рацыянальная вэрсія. Калі для Пуціна ўсё ж такі мае значнасьць працяг гульні ў рэалізацыю менскіх дамоўленасьцяў, мае значнасьць пытаньне аб зьмякчэньні санкцыяў, тады ў бліжэйшыя месяцы, магчыма, ня будзе эскаляцыі канфлікту», — кажа палітоляг.

Але рызыка эскаляцыі канфлікту застаецца, адзначае Фясенка.

«Ва Ўкраіне асьцерагаюцца, што пасьля 9 траўня магчымы наступ сэпаратыстаў. Я б сказаў так: ёсьць рызыка не маштабнай эскаляцыі, а лякальнай эскаляцыі. Эскаляцыі на асобных участках фронту, калі сэпаратысты паспрабуюць адсунуць украінскія войскі ад раёну данецкага аэрапорту і, магчыма, захапіць прыгарады Луганску, якія кантралююць украінскія войскі. Плюс працяг барацьбы за Шырокіна. Таму рызыкі лякальнай эскаляцыі захоўваюцца. Але тое, што дамовіліся па працоўных падгрупах (а Расея вельмі хацела, каб пачалася гэтая палітычная фаза ў рэалізацыі менскіх дамоўленасьцяў), — гэта сыгнал станоўчы. Рызыкі маштабнай эскаляцыі канфлікту на некаторы час некалькі зьніжаюцца», — лічыць Уладзімер Фясенка.