20 тысяч хат пустуюць у вёсках Берасьцейшчыны. Шмат дзе жывуць адны пэнсіянэры бяз радыё і тэлебачаньня, а галоўная падзея — прыезд аўталаўкі. Карэспандэнт Свабоды праехаў па вёсках Бярозаўшчыны, у якіх амаль не засталося вяскоўцаў.
У Бярозаўскім раёне Берасьцейскай вобласьці больш за 100 вёсак. Шмат якія — з багатай гісторыяй, як старажытнае мястэчка Малеч, якое калісьці мела Магдэбурскае права. Вялікія паселішчы з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі сталі называць «аграгарадкамі». Там будуецца жыльлё, якое народ назваў «прэзыдэнцкімі дамкамі».
14 красавіка Аляксандар Лукашэнка прапанаваў на дадатак да аграгарадкоў у кожным раёне вызначыць па 3–5 пэрспэктыўных вёсак і забудоўваць іх даступным для вяскоўцаў жытлом.
Вёска Рагачы, у якой жывуць адны пэнсіянэры
Рагачы — вёска на мяжы Бярозаўскага і Пружанскага раёнаў. Рай для паляўнічых і рыбаловаў — тут і лясы, і вадаёмы. У 1930-я гады тут жыло больш 120 чалавек, у 2003 — 15, а цяпер — дзесятак пэнсіянэраў.
У Рагачах няма нават крамы, ня кажучы ўжо пра іншыя ўстановы. З помнікаў — толькі прыдарожны крыж на ўезьдзе ў вёску, упрыгожаны ручнікамі.
Заехалі да старэйшых жыхароў вёскі, Радкевічаў, — 79-гадовага Мікалая і 83-гадовай Юліі. Спадар Мікалай — зацяты паляўнічы, быў егерам, у савецкі час да яго на паляваньне прыяжджалі розныя высокія чыноўнікі «з раёну». Мікалай з гонарам паказвае фотаздымкі сямі ваўчанятаў, якіх быў аднойчы прынёс зь лесу ды выхаваў, а таксама маленечкага дзічаня, якога ўдалося выгадаваць у ладнага кабанчыка. А ў хляве ў Мікалая — некалькі рагоў, скінутых ласямі ды аленямі. Спадар Мікалай апавядае, што ў лясах каля вёскі вельмі шмат дзікоў. Бачыў нядаўна, як здратавалі засеянае калгаснае поле.
Мікалай і Юлія — «рэкардсмэны» па працягласьці сумеснага жыцьця сярод жыхароў навакольных вёсак: амаль 60 гадоў разам. Спадарыня Юлія кажа, што з гэтай нагоды на сьвяце вёскі іх ушаноўвалі, а Мікалай жартуе: «Нам ужо — ні разводу, ні ўміраць, толькі разам пражываць...»
Спадарыня Юлія падлеткам у вайну заставалася ў вёсцы. Згадвае, што тут было шмат партызанаў. Аднойчы прыйшлі да іх і забралі кароўку, а тая неўзабаве ўцякла ды вярнулася дахаты.
Спадар Мікалай дагэтуль трымае свайго каня, абрабляе надзел. Сьвіней не трымаюць, сала ды мяса пры патрэбе набываюць. Радкевічы тэлебачаньне не глядзяць, бо сапсаваўся тэлевізар. Але болей наракаюць на адключэньне радыёкропкі — разам зь першымі яе гукамі звычайна падымаліся. Цяпер у хаце — цішыня.
Аўтобусы ў Рагачы не заходзяць. Адзіная сувязь тут зь «вялікім сьветам» — аўталаўка, якая прыяжджае тры разы на тыдзень. Спадар Мікалай жартуе: «Бяры, што хочаш, — хоць цукар, хоць гарэлку, як грошы маеш.»
Мікалай Радкевіч для сваіх гадоў — вельмі вясёлы, рухавы дзядуля. Кажа, што можа яшчэ і чарку выпіць, ізноў жартуе: «На тыдзень хапае бутэлькі ці дзьвюх...»
Шмат хат у Рагачах пакінутыя, а многія надзелы — зусім без будынкаў. Мікалай Радкевіч кажа, што ўжо больш як дваццаць хат разабралі. Насупраць Радкевічаў — занядбаная хата зарасла кустоўем. А на коміне зьвіў гняздо бусел. Спадар Мікалай апавядае, што калісьці ўратаваў гэтага бусла — выкарміў хворага. То цяпер птушка нязьменна сюды прылятае, а часам нават спускаецца да Мікалая, калі ён памахае ёй шапкай.
Панасавічы – больш пэрспэктыўная вёска, але хат пустых хапае
У вёсцы Панасавічы таксама шмат пустых хат з забітымі дошкамі вокнамі. Уражваюць старыя пахіленыя паўвекавыя хлявы. На вокнах некаторых хат — мэталёвыя краты, якія ўсталёўваць гаспадары, якія тут не жывуць. Мой «праваднік» Анатоль Сахаруша з Малечы тлумачыць: з пустых хат у пакінутых вёсках, бывае, крадуць.
У цэнтры Панасавічаў — крама. Заходзім, у краме — некалькі пэнсіянэраў, набываюць рэбры ды чакаюць прывозу сьвежага хлебу. Прадстаўляюся карэспандэнтам, бабулькі думаюць, што я з раёнкі, і адразу ж пачынаюць ушчуваць:
«Ізноў напішаце, што брыгадзір дапамагае, а ён нічога не дапамагае... Пішуць, што вяскоўцам састарэлым дапамагаюць, робяць... А нам, як што трэба зрабіць, то ніхто і не пытае, ніхто да нас не прыедзе, што нам трэба. Хадзі, і плач да прыватніка якога...»
Даводзіцца «адбівацца» ад бабуль, тлумачыць, што я зь іншага выданьня. Бабулькі лагаднеюць, але на ўсялякі выпадак просяць не фатаграфаваць, «а то зьявіцца фотаздымак потым у нейкім часопісе».
Пэнсіянэры сварацца на ўлады, якія не дапамагаюць, а потым адразу ж хваляцца, што ім добра жывецца, «пэнсію плацяць, на ўсё хапае, дзеці паехалі ў гарады, ды ім далі кватэры».
Пагаджаецца сфатаграфавацца адна больш сьмелая 80-гадовая сялянка. Калі выходзім з крамы, яна бярэцца за ровар — кажа, баліць нага, то даводзіцца на яго абапірацца.
Ва Ўтранах — трое жыхароў, у Ясевічах — дзясятак
Далей едзем у вёску Ўтраны, бо ў Панасавічах апавялі, што там засталося трое жыхароў. Пасьля дажджу на вуліцах тут — нікога, вёска досыць доўгая, многія хаты пакінутыя. У некаторых выбітыя шыбы.
У пачатку вёскі на плоце вісіць шыльда з раскладам прыезду аўталаўкі.
Аўталаўку ўдалося засьпець у вёсцы Ясевічы. Тут жыве дзясятак жыхароў, каля некаторых хат стаяць машыны — з гораду прыяжджаюць сюды на лецішчы.
Аўталаўка праяжджае па вёсцы, спыняецца ў канцы. Там яе ўжо чакае бабуля з торбачкай. З машыны за прылавак выходзіць жвавая прадавачка, бабуля набывае хлеб, малако ды іншых прысмакаў. На асартымэнт вяскоўцы ня скардзяцца. Кажуць, усё самае неабходнае ў аўталаўцы можна набыць.
Пасьля ад’езду аўталаўкі бабуля апавядае, што ў вёсцы ўжо няма ні кароў, ні сьвіней, хаця ў 80-я гады тут пасьвіліся тры статкі вясковых кароў.
Спадарыня кажа, што нядаўна пахавала мужа, цяпер жыве адна: «Бывае, за дзень чалавека ня ўбачу.»
Жыве тут цяпер усяго дзясятак жыхароў. Спадарыня скардзіцца на здароўе, але ехаць у горад да дзяцей ня хоча, трымае родная хата:
«Мне найлепш дома, нікуды не хачу. А як сэрца хапае, то нікуды і не званю, нічога не раблю, думаю ўжо каб памерці...»
Супакойваем бабулю, жадаем здароўя ды бадзёрасьці, а самі зь цяжкімі думкамі пакідаем Ясевічы.
Анатоль Сахаруша: «Праз гадоў 10-15 будзе праблема і з „прэзыдэнцкімі“ катэджамі»
Мой кіроўца Анатоль Сахаруша ўсё жыцьцё прапрацаваў у сельскай гаспадарцы. Дарогай да чыгункі пытаюся ў яго, якой ён бачыць будучыню вёсак, якія мы наведалі, і як ён ацэньвае ініцыятыву Аляксандра Лукашэнкі пра вылучэньне ў кожным раёне некалькіх «пэрспэктыўных» вёсак:
«Некаторыя вёскі могуць не пражыць і дзесяці гадоў, людзей усё менш і менш. Пэрспэктывы — ніякай, як яе не было і 20 гадоў таму. А што да новай ідэі Аляксандра Лукашэнкі, то скажу, што нават гэтыя аграгарадкі непэрспэктыўныя, бо часам у тых катэджах і жыць няма каму. Яшчэ праз гадоў 10-15 будзе праблема і з гэтымі „прэзыдэнцкімі“ катэджамі».
Паводле афіцыйнай інфармацыі, па стане на люты 2015 году ў вёсках Берасьцейшчыны больш як 20 тысяч пустых хат.