Першыя ўлазіны ў індустрыяльным парку — інтэрнат для кітайцаў

Кітайскі індустрыяльны парк. Ранішняя рэпэтыцыя афіцыйнага адкрыцьця, камень – на пярэднім пляне, 2014

«Будаўнічы трэст № 3 ордэна Кастрычніцкай Рэвалюцыі» з Салігорску, які ўваходзіць у склад Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, прыступіў да ўзьвядзеньня інфраструктуры Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень» у Смалявіцкім раёне. Цырымонія закладкі першага каменя адбылася на раскарчаванай пляцоўцы ў сасновым лесе 19 чэрвеня 2014 году.

У статутных дакумэнтах гаворыцца, што міждзяржаўны праект уяўляе сабой «тэрытарыяльнае ўтварэньне з асаблівым прававым рэжымам дзеля забесьпячэньня камфортных умоваў вядзеньня бізнэсу». А вось ці ўлічваліся пры гэтым інтарэсы мясцовых жыхароў — пытаньне збольшага рытарычнае.

Мяркуецца, што ў пэрспэктыве на тэрыторыі 9 тысяч гектараў будуць працаваць больш за 120 тысяч чалавек. Прыярытэтныя кірункі — тонкая хімія, біямэдыцына, электронная прамысловасьць, машынабудаваньне. Аб’ём кітайскіх інвэстыцыяў папярэдне ацэньваецца ў 15 мільярдаў даляраў. Фактычна пасярод бору, усяго за 25 кілямэтраў ад Менску, мае паўстаць горад, супастаўны з Бабруйскам. Жыхароў вёскі Быкачына, якая непасрэдна мяжуе з будучай індустрыяльнай зонай, падобныя пражэкты мала цешаць:

«Гэта, вядома, абсурд: высекчы такія лясы, каб прывезьці і паставіць на гэтым месцы хімічны завод. Ну дзе лёгіка? Хутка ягадзіну ня будзе дзе сарваць. Хімічная прамысловасьць у экалягічным запаведніку — навошта яна тут патрэбная, няўжо няма больш безнадзейных месцаў? Але яны нас ні ўва што ня ставяць. Павагі ніякай няма, мы для іх ніхто і завуць нас ніяк. Як закладалі той камень, паапраналіся ў гарнітуры, на халяву папілі-пад’елі, а як мы паспрабавалі прыйсьці паглядзець, дык ня тое што нічога не далі, а ўвогуле выгналі — маўляў, хто вы такія? Мы тут жывём, на ўсялякі выпадак».

Вясковец Мікалай Герасімчык апавядае, што будаўнічыя працы апошнім часам заўважна актывізаваліся. Калі да гэтага акцэнт рабіўся на лесапавале (з ахвяраваных пад парк 9 тысяч гектараў траціну займаюць сасновыя і бярозавыя лясы) і далейшым выраўнованьні тэрыторыі пад будаўніцтва, то цяпер ужо неяк зусім неўпрыкмет здадзены і першы капітальны будынак — інтэрнат для кітайскіх рабочых:

«Ой, дык тут амаль што на маёй сядзібе ўжо рыюць, капаюць. Інтэрнат ужо пабудавалі, так што працэс пайшоў поўным ходам. Дагэтуль кітайцы дзесьці месяц наймалі ў нас у вёсцы катэдж, начавалі там. А цяпер ужо ўсё, пераехалі ў свой інтэрнат. Кітайцаў шмат, але і нашы пакрысе таксама падцягваюцца. Акурат вось шэсьць чалавек кватарантаў павінны заехаць, у мяне засяліцца — перадусім кіроўцы, мэханізатары, якія будуць займацца падвозам зямлі, транспартным забесьпячэньнем. Так што кіпіць праца: лес кругом рэжацца, траншэі капаюцца. І працэс гэты, мяркуючы па ўсім, ужо няспынны і беззваротны».

Усе спробы абарыгенаў перашкодзіць рэалізацыі глябальных задумаў плёну ня мелі — напамін пра экалягічную каштоўнасьць месца чыноўнікаў ня ўразіў. Цяпер, як кажа мой суразмоўца спадар Мікалай, застаецца толькі зьмірыцца з думкай, што прынамсі на іх уласнасьць будаўнікі замахвацца ня будуць:

«Паабяцалі, што 150 мэтраў ад дамоў адмераюць і чапаць ня будуць. Можа, плот дазволяць паставіць, але як там што будзе насамрэч — пакуль ня ведаю. Канечне, нязручнасьцяў хапае. Прыкладам, дарогі раскалупалі, разбамбілі да такой ступені, што мы вымушаныя былі пісаць у сельсавет, у райвыканкам, нават у ДАІ — зрабіце якія-небудзь абмежаваньні, а то ж угробяць канчаткова. Але зь вясны як усё пачалося, закруцілася, дык будаўніцтва з кожным днём толькі ўсё больш актыўнае. Наўрад ці якія лісты іх цяпер стрымаюць».

Яшчэ на этапе праектаваньня індустрыяльнага парку шырокі рэзананс выклікалі намеры актыўнай «кітаізацыі» тэрыторыі — гаварылася ледзь не пра паўмільённы дэсант з Паднябеснай. Зрэшты, сёньня чыноўнікі запэўніваюць, што пра ні пра якія «сотні тысяч» гаворка не ідзе. Першы намесьнік генэральнага дырэктара парку Кірыл Карацееў кажа, што ўдзел кітайскіх адмыслоўцаў будзе «дазаваны»:

«Зараз мы пачынаем будаўніцтва інфраструктуры, ёсьць там і кітайскі генэральны падрадчык — наш акцыянэр, кампанія „Самсе“. Але практычна палова працаў, а можа нават і больш, будзе аддадзеная беларускім субпадрадчыкам. Кітайскі бок пакідае за сабой пастаўку абсталяваньня і шэф-мантаж, усё астатняе — гэта наша. Так, мы ўзводзім будаўнічы гарадок, там сапраўды знаходзяцца кітайскія рабочыя, іх колькасьць будзе ўзрастаць, але ў разумных межах. Мы зыходзім з мэтазгоднасьці: тое, што можна ўзяць у Беларусі, уключна з працоўнай сілай, бяром тут. Але калі патрэбен вопыт, якога ў нейкіх галінах у Беларусі няма (калі, напрыклад, патрэбны аўтарскі нагляд кітайскіх праектных арганізацыяў, якія рабілі аналягічную працу), будуць задзейнічаныя адмыслоўцы з Паднябеснай».

Пры гэтым спадар Карацееў прызнаўся, што эканамічная сытуацыя ў рэгіёне чакана адбілася на цікавасьці да праекту — год таму колькасьць ахвотных укладаць у парк была непараўнальна большая. Сёньня, ягонымі словамі, цікавасьць да інвэстпраектаў зьнізілася, інвэстар стаў «больш асьцярожным». На гэты момант да будаўніцтва інфраструктуры ўдалося прыцягнуць некалькі гульцоў, усе з кітайскай прапіскай: карпарацыі «Самсе», «Сінама» і Харбінскую інвэстыцыйную групу, якія, дзеля справядлівасьці, пагадзіліся ўдзельнічаць у праекце на правах акцыянэраў.

Тым часам мясцовыя жыхары не асабліва вераць запэўніваньням, што кітайская экспансія — толькі нечыя прыдумка. Спадар Георгі — родам з Быкачына, жыве і працуе ў Менску. Кожныя выходныя наведваецца на радзіму, дзе засталася бацькоўская хата. Навацыямі яўна не задаволены:

«Ня веру я ім, кітайцаў будзе шмат. Дый цяпер ужо хапае, у тым жа Менску абавязкова на іх наткнесься, прычым ходзяць цэлымі камандамі, сама меней па 2–3 чалавекі. Ідзеш па горадзе, едзеш на мэтро — яны ўсюды. У маім доме ў Менску жыве пяць ці шэсьць сем’яў. А калі тут усё яшчэ і робіцца за кітайскія грошы, то можна толькі ўявіць, што будзе. Але нам і бяз гэтага галаўняку хапае — дарогу як збудавалі, дык ужо спакою няма. Яшчэ гады два таму лес пачалі рэзаць, як казалі, „прарэдзіць“ трэба. А насамрэч спэцыяльна падпалілі, а потым выразалі. Цяпер кожная машына грыміць, немагчымы шум і ўдзень, і ўначы. Да гэтага была гравейка Негарэлае — Смалявічы, тры машыны за гадзіну праяжджалі. А цяпер лічыцца, што аб’язная Берасьце — Масква, рукой да яе падаць — 500 мэтраў...»

____________________________________________

Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» месьціцца на тэрыторыі Смалявіцкага раёну за 25 кілямэтраў ад Менску. Падставай для такога выбару сталі блізкасьць да нацыянальнага аэрапорту «Мінск», міжнароднай чыгункі і аўтамагістралі Бэрлін — Масква. На тэрыторыі парку будуць разьмешчаныя вытворчыя і жылыя зоны, фінансавы і навукова-дасьледчы цэнтры, а таксама офісныя і гандлёва-забаўляльныя комплексы.