Спадар: «Ужо цяпер я ведаю, што людзі кінуліся на біржы працы, а ўладкавацца нідзе ня могуць. Гэта азначае, што калі зарэгіструюцца ўсе, то рэальнае беспрацоўе з нуля зь нечым адсоткаў вырасьце да 30%. А за мяжу будуць езьдзіць, як і езьдзілі, знойдуць гэтыя тры мільёны. Але наагул гэты ўказ — абсурд. Атрымліваецца, што ў нас Паўночная Карэя».
Хлопец: «У прынцыпе, я лічу, што ўсё зроблена правільна. Ну навошта, калі чалавек не працуе ў сваёй краіне, выяжджаць за мяжу, каб зарабляць у сваіх прыватных мэтах? Думаю, „чаўнакоў“ не паменее, хоць час пакажа, што зь імі будзе».
Your browser doesn’t support HTML5
Спадарыня: «Можна сказаць адразу, што ўсё гэта зроблена дзеля таго, каб людзі папросту ня мелі магчымасьці зарабляць за мяжой. А што да „чаўнакоў“, то мне цяжка казаць, бо я наагул ня маю да іх дачыненьня, працую ў зусім іншай сфэры».
Спадар: «Я думаю, што трэба падаткі плаціць. А калі няплатнік зваліць за мяжу, то што, плаціць ня будзе? Я думаю, што „чаўнакоў“ стане менш. Мой сын езьдзіў таксама, але цяпер стала нявыгадна, бо ўсё болей нейкіх розных аплатаў дадаецца. Дорага становіцца».
Спадар: «У нас і так высокае беспрацоўе, вакансіяў няма. Я наагул да гэтага дэкрэту стаўлюся адмоўна, бо працы няма, пераходзяць на чатыры альбо і тры дні працы на тыдзень. Ну, а як чалавеку зарабіць на жыцьцё? А тут яшчэ табе забараняюць выяжджаць. Ну, але чалавек жа павінен хоць недзе зарабіць сабе на жыцьцё».
Дзяўчына: «Я думаю, што „чаўнакоў“ застанецца столькі, колькі і ёсьць, бо яны здольныя зарабіць і на тыя тры мільёны. Ім таньней будзе заплаціць гэты падатак, чым уладкавацца ў нас на працу і зарабляць капейкі».
Спадарыня: «Я да гэтага адмоўна стаўлюся. Бо мала як цяпер чалавек зарабляе на жыцьцё. На „чаўнакоў“ гэта не паўплывае, бо калі людзі да гэтага часу езьдзяць, то яны і не пакінуць гэта рабіць. Бо даход у іх большы, чым тут мог бы быць. А інакш людзі б папросту ня езьдзілі...»