Сяргею Рыжову прысудзілі шэсьць з паловай гадоў пазбаўленьня волі

Сяргей Рыжоў

Гэта было абумоўлена характарам абвінавачаньня: Сяргея Рыжова судзілі за хуліганскія дзеяньні (арт. 339 ч.1 Крымінальнага кодэксу) і гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару (арт. 167 ч.1 Крымінальнага кодэксу). Шляхам частковага складаньня — 2 гады паводле першага абвінавачаньня і 5 гадоў паводле другога — суд вырашыў пакараць Рыжова шасьцю з паловай гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму, а таксама яму належыць выплаціць кампэнсацыю маральнай шкоды пацярпеламу ў памеры 15 мільёнаў рублёў і пакрыць судовыя выдаткі.

Суд над віцебскім палітыкам распачаўся 25 сакавіка. У першы ж дзень Рыжоў хадайнічаў, каб працэс зрабілі адкрытым, аднак, паводле рашэньня судзьдзі Андрэя Прэйса, суд праходзіў у закрытым рэжыме. Таму трапіць у судовую залю не змаглі ні праваабаронцы, ні журналісты.

У судзе разглядаліся інцыдэнт які адбыўся у віцебскім выцьвярэзьніку, куды Сяргей Рыжоў трапіў увосень 2013 году. Ён скардзіўся, што ў выцьвярэзьніку яго зьбівалі супрацоўнікі-міліцыянты, а тыя цьвердзілі, што Рыжоў хуліганіў і не падпарадкоўваўся іхным патрабаваньням. За непадпарадкаваньне міліцыянтам і хуліганства (паводле адміністрацыйнага артыкулу) яму прысудзілі 15 сутак арышту, якія ён так і не адбыў: У сьнежні 2013 году ён зьехаў у Расею, і вярнуўся адтуль толькі ў студзені сёлета. У першыя ж дні знаходжаньня ў Беларусі яго затрымалі і зьмясьцілі ў СІЗА паводле абвінавачаньняў, за якія ён асуджаны.

Сяргей Рыжоў называе сябе заснавальнікам незарэгістраванай Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыі «Белая Русь», у 2012 годзе ён удзельнічаў у «Рускім маршы» што праходзіў у Магілеве. Таксама браў удзел у мінулай прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, але спыніў яго на этапе збору подпісаў за вылучэньне. Неўзабаве пасьля гэтага страціў працу на садавінагароднінавым камбінаце «Ноўка», дзе быў начальнікам сэктара зьнешнеэканамічнай дзейнасьці. У студзені гэтага году ён абвясьціў, што зноў зьбіраецца балятавацца на пасаду прэзыдэнта. На думку ягонага сябра, вядомага ў Віцебску «лекара—праўдаруба» Ігара Пастнова, крымінальныя абвінавачаньні супраць Рыжова зьвязаныя менавіта з ягоным рашэньнем удзельнічаць у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.