Пра гэта паведамляе прэсавая служба пракуратуры Нідэрляндаў, пад кіраўніцтвам якой Міжнародная група крыміналістаў праводзіць расьсьледаваньне трагедыі.
Паведамляецца, што «Бук» быў прывезены з Расеі ва Ўкраіну незадоўга да трагедыі. Гэта пацьвярджаюць шматлікія фота і відэазапісы, а таксама знойдзеныя і апытаныя сьведкі.
Сьледчыя сабралі і апрацавалі больш за мільён дакумэнтаў, фота і відэа. Праз такі вялікі аб’ём матэрыялу давялося значна павялічыць склад аналітычнай групы.
Цяпер экспэрты павінны ня толькі выявіць кола падазроных і сабраць доказы супраць іх, але і прадставіць факты і сьведчаньні, дастатковыя для вынясеньня абвінаваўчага прысуду. Менавіта над гэтым цяпер і працуе пракурорская група.
Таксама ў пракуратуры Нідэрляндаў адзначаюць, што ёсьць сур’ёзныя сьведчаньні таго, што сакрэтныя службы РФ стала спрабуюць узламаць і пракрасьціся ў кампутарныя сыстэмы галандзкай паліцыі і пракуратуры.
Смартфоны і лэптопы, якія сьледчыя выкарыстоўвалі ва Ўкраіне, і якія мелі кантакт з мясцовымі інтэрнэт-сеткамі, прыйшлося зьнішчыць. Прычына — інфікаванасьць шпіёнскай праграмай Spyware, паведамляе УНІАН.
Самалёт «Боінг-777» рэйса MH17 Амстэрдам — Куала-Лумпур авіякампаніі «Малайзійскіх авіялініяў» быў зьбіты над Данбасам 17 ліпеня; загінулі ўсе 298 чалавек, якія знаходзіліся ў ім. Большасьць ахвяраў былі грамадзянамі Нідэрляндаў, таму Ўкраіна перадала расьсьледаваньне гэтай дзяржаве.
Папярэднія дадзеныя расьсьледаваньня паказалі, што самалёт пацярпеў катастрофу ў выніку трапленьня звонку вялікай колькасьці аб’ектаў з высокай энэргіяй.