Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка і прэм’ер-міністар Аўстраліі Тоні Эбат лічаць, што самалёт «Малайзійскіх авіялініяў» у небе над Данбасам быў зьбіты расейскай ракетай, — паведамляе афіцыйны сайт кіраўніка ўкраінскай дзяржавы.
«Выведдадзеныя сьведчаць, што ў паветранае судна была выпушчаная ракета з сыстэмы „Бук-М“, якая была завезена з Расеі на Данбас разам з экіпажам», — падкрэсьліў Пятро Парашэнка.
«Раніцай 17 ліпеня самалёт МН17 быў зьбіты ў небе баевікамі, якіх падтрымлівае Расея», — сьцьвярджае Тоні Эбат.
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка і прэм’ер-міністар Аўстраліі Тоні Эбат сустрэліся сёньня з чальцамі аўстралійскай рабочай групы па расьсьледаваньні абставінаў катастрофы самалёта МН17.
Парашэнка падзякаваў экспэртам і падкрэсьліў, што Ўкраіна працягвае спрыяць адкрытаму міжнароднаму расьсьледаваньню авіякатастрофы.
«Мы даем усё неабходнае тэхнічнае абсталяваньне і спэцыялістаў для правядзеньня расьсьледаваньня», — падкрэсьліў прэзыдэнт Украіны.
Самалёт «Боінг-777» рэйса MH17 Амстэрдам — Куала-Лумпур авіякампаніі «Малайзійскіх авіялініяў» быў зьбіты над Данбасам 17 ліпеня; загінулі ўсе 298 чалавек, якія знаходзіліся ў ім. Большасьць ахвяраў былі грамадзянамі Нідэрляндаў, таму Ўкраіна перадала расьсьледаваньне гэтай дзяржаве.
Папярэднія дадзеныя расьсьледаваньня паказалі, што самалёт пацярпеў катастрофу ў выніку трапленьня звонку вялікай колькасьці аб’ектаў з высокай энэргіяй. Поўных вынікаў расьсьледаваньня чакаюць увесну наступнага году.