Новай падставай для заяваў аб тым, што ўлады Нідэрляндаў хаваюць ад грамадзтва важную інфармацыю пра абставіны трагедыі, стала публікацыя ў нямецкім часопісе Der Spiegel матэрыялу аб спадарожнікавых здымках, якія нібыта даказваюць, што самалёт быў зьбіты сэпаратыстамі з ракетнай устаноўкі «Бук», выкрадзенай з украінскай вайсковай базы.
Адзін са сваякоў загінулых, страціўшы надзею даведацца нешта з афіцыйных крыніцаў, адправіўся на месца катастрофы сам — і цудам застаўся ў жывых.
Сьпявак Робі Улерс страціў у катастрофе пад Данецкам любімую пляменьніцу Дэйзі. Дваццацігадовая Дэйзі ляцела на Балі разам са сваім жаніхом Брусам. Ад Бруса засталася адна ступня. Дэйзі доўгі час не маглі ідэнтыфікаваць, і Робі Улерс вырашыў больш не чакаць праўды ад дзяржавы. Купіўшы квіткі ў Кіеў, ён затым дабраўся да Данецку і дамовіўся з сэпаратыстамі, каб тыя за грошы адвезьлі яго на месца крушэньня. Карэспандэнт тэлекампаніі NOS здымаў Улерса на фоне чорна-белага апакаліптычнага краявіду ў поўнай цішыні. Толькі зрэдку Улерс прамаўляе некалькі словаў. У доўгіх паўзах вые вецер і зрэдку чуюцца залпы снарадаў удалечыні. У адным з кадраў Улерс залазіць у катлаван — велізарную варонку ад снарада, які разарваўся сярод абломкаў Боінга:
«Гэтыя... хто гэта зрабіў... (доўгая паўза, пад сьвіст ветру). Я спрабую ўявіць сабе, што б я зь імі зрабіў. Але ў мяне нават словаў для гэтага не хапае. Няма пакараньня, якое было б занадта жорсткім для такіх, як яны. (Чуваць, як разрываюцца снарады). Вось гэты быў зусім блізка, чулі? Затрымлівацца тут ня варта. Больш за ўсё мне хацелася б тут паставіць намёт, распаліць вогнішча і спакойна пачаць шукаць. Але не, мне ня справіцца, абломкаў тут безьліч. Тэрыторыя занадта вялікая».
Гэтыя кадры паказалі ў эфіры ў нядзелю, 19 кастрычніка. У панядзелак Улерс сам ледзь не загінуў, калі па суседзтву зь яго гатэлем разарвалася бомба. Ва ўсіх будынках па пэрымэтры вылецелі вокны, у тым ліку ў аўтобусе з журналістамі — паведаміў Улерс ў сваім твітэры. Жонка ў камэнтарах да гэтага твіту моліць Улерса вярнуцца, каб не рабіць зь яе чарговую «сваячку загінулага». У сераду ў Твітэры Улерса зьявіўся запіс аб тым, што цела яго пляменьніцы Дэйзі нарэшце было ідэнтыфікаванае.
Поўны матэрыял чытайце на сайце расейскай службы Радыё Свабода.