Марціновіч: раманы Пясецкага заходзяць нават камэнтатарам «Анлайнэра»

Віктар Марціновіч

Беларуская літаратура перажывае сёньня нараджэньне новага чытача, — лічыць пісьменьнік Віктар Марціновіч.

Беларуская літаратура перажывае сёньня нараджэньне новага чытача, — лічыць пісьменьнік Віктар Марціновіч. На яго думку, чым далей беларуская рэчаіснасьць аддаляецца ад расейскай, тым больш беларусы цікавяцца ўласнай літаратурай. Перад двухмесячным ад’ездам у Нямеччыну аўтар апошняга беларускага бэстсэлера «Мова» пастаяў за прылаўкам кнігарні «Логвінаў», дзе даваў літаратурныя парады сваім чытачам.

"Не загаснуць зоркі ў небе" на столі ў кнігарні Логвінаў.

Суды папулярызуюць літаратуру

«А якая тут „мова“?» — пытаюцца людзі на ўваходах у кнігарню «Логвінаў» і галерэю «Ў». Пытаньне слушнае, таму што ўвечары ў панядзелак па адрасе пр. Незалежнасьці 37А насамрэч праходзілі дзьве «мовы»: у галерэі «Ў» — чарговыя заняткі курсаў «Мова нанова», а ў кнігарні «Логвінаў» — маратон падтрымкі, які вёў аўтар рамана «Мова» Віктар Марціновіч, падпісваючы сваім чытачам апошнія асобнікі.

Яшчэ да пачатку сустрэчы кнігарню напоўнілі дзясяткі два людзей. Па словах Паўла Касьцюкевіча, арт-дырэктара кнігарні «Логвінаў», суды над кнігарняй прывялі да нечаканага выніку: людзі сталі больш цікавіцца кнігамі.

«Ужо тры месяцы назіраецца ўсплёск цікаўнасьці да літаратуры, — кажа Касьцюкевіч. — Натуральна, што ціск выклікае цікаўнасьць. Некаторыя прыходзяць проста паглядзець на нас, як у музэй».

У кнігарні Логвінаў.

Марціновіч паспавядаў дзяўчыну Любу

«Як распавёў сам Марціновіч, перад двухмесячным ад’ездам яму самому хацелася пагаварыць зь беларусамі, якія чытаюць кнігі: даведацца, што цікавіць беларускага чытача, і параіць ім іншай вартай літаратуры:

«Я выпраўляюся цяпер у Нямеччыну, — расказаў пісьменьнік. — Спачатку ў мяне будзе літаратурная стыпэндыя, я буду жыць у літаратурнай рэзыдэнцыіў Бэрліне, стасавацца зь іншымі эўрапейскімі пісьменьнікамі. Пасьля гэтага зь першага красавіка ў мяне пачнецца літаратурнае турнэ па Эўропе. У тым ліку будуць такія гарады, як Цюрых, Вена, Франкфурт. Гэта шырокая гастрольная праграма, якую арганізуе маё нямецкае выдавецтва для прамоцыі маёй кнігі — перавыданьня „Параноі“ па-нямецку».

Па словах Марціновіча, цяпер вядуцца перамовы пра перадачу правоў на асобнае выданьне «Параноі» ў мяккай вокладцы (пасьля таго як наклад ужо быў дадрукаваны) буйному сусьветнаму выдавецкаму дому. Таксама ў Нямеччыне падчас рэзыдэнцыі чакаецца сустрэча з кінапрадусэрамі.

Марціновіч загадзя абвясьціў на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што ў кнігарні ён будзе раіць беларускія кнігі і пераклады сусьветнай літаратуры, а не расказваць пра свае. На запрашэньне праходзіць у «спавядальню», адзін за адным да Марціновіча падсаджваліся наведнікі кнігарні, якім ён ціха-ціха распавядаў пра «баевікі» Пясецкага і беларускія адпаведнікі Фоера.

Пра што пытаюць першыя наведнікі, увогуле не чуваць — Марціновіч з чытачамі сапраўды размаўляе, як сьвятар на споведзі. Часам нашмат выразьней даносяцца гукі з суседняй залі: «Матываваныя і нематываваныя прыслоўі...»

У кнігарні Логвінаў.

Але вось у «спавядальню» зайшла дзяўчына Любоў з гучным голасам. Пытае пра штосьці такое ж пранікнёнае і кранальнае, як «Жудасна гучна і неверагодна блізка» Фоера.

«Цяпер я ведаю, што мне безумоўна трэба набыць „Дзеці Аліндаркі“ Альгерда Бахарэвіча, — кажа Свабодзе Любоў пасьля размовы з Марціновічам. — Яшчэ варта адзін раз прачытаць Уладзімера Някляева „Аўтамат з газіроўкай...“».

Кнігарня набіваецца, і праз паўгадзіны вольнае месца застаецца толькі каля расейскай палічкі ля выхаду. Многія, сядаючы да Марціновіча, просяць падпісаць ці свае асобнікі «Мовы», ці тыя, што яны набылі на месцы — расейскія пераклады Лідзіі Міхеевай. Падпісаўшы купленую кнігу і разьвітаўшыся, хвілін празь дзесяць у кнігарню вярнуўся чытач, абураны тым, што купленая кніга напісана «па-маскальску».

Аднак іншых бліжэйшым часам ня будзе: усе беларускія асобнікі двух накладаў «Мовы» прададзеныя ва ўсіх кнігарнях.

«Чытаю ня менш за кнігу на тыдзень»

Дачакаўшыся, калі з Марціновічам пагавораць усе чытачы, сядаем да яго са сваімі пытаньнямі.

— Віктар, вы кажаце, што шмат чытаеце. А калі вы пасьпяваеце? Вось людзі звычайна скардзяцца, што часу на чытаньне ў іх няма.

— Час — гэта суб’ектыўная катэгорыя. Часу не існуе. Чым больш ты робіш, тым больш вольнага часу ў цябе застаецца. Я гэта даўно заўважыў. Калі ты працуеш на трох працах, а заўтра табе ехаць у Вільню, пасьлязаўтра — яшчэ некуды, у цябе неяк зьяўляецца час на раманы і на іншыя рэчы.

У кнігарні Логвінаў.

Магу сказаць, што я вельмі мала сплю. Ёсьць у мяне такая адметнасьць. Калі чалавек ня сьпіць уначы, ён заўжды чытае.

— Як доўга вы чытаеце?

— Звычайна тыдзень — і якая-ніякая кніжка, незалежна ад велічыні, прачытваецца. Часам значна больш: два-тры дні — і ты праглынаеш раман. Усё залежыць ад таго, што ты чытаеш.

— Звычайна тыдзень — і якая-ніякая кніжка, незалежна ад велічыні, прачытваецца. Часам значна больш: два-тры дні — і ты праглынаеш раман. Усё залежыць ад таго, што ты чытаеш. Цяпер я чытаю па сьпісе букераўскіх ляўрэатаў (The Man Booker Prize), пачынаючы з 2000 году. Я пачаў, і мне вельмі цікава параўнаць гэта з сучаснай беларускай прозай. Вось я наткнуўся на вельмі цікавы твор, які называецца «Белы тыгар», напісаны індыйскім аўтарам, празаікам. Я яго праглынуў за дзень. Усё залежыць ад ступені цікаўнасьці.

— Вось вы чытаеце кнігі стосамі. А рэфлексаваць пасьпяваеце?

— Борхеса можна прачытаць толькі некалькі старонак на дзень, таму што ён вельмі моцна торкае і вымушае рэфлексаваць. Іншыя кніжкі не высаджваюць у такую глыбокую рэфлексію. Аднак падумаць варта. У адрозьненьне ад кіно, якога можна паглядзець тры фільмы за вечар і нічога асаблівага не адчуць, кніжкі варта пераварваць.

— Як вы вызначаеце, што варта чытаць? Вось фільмы па рэйтынгу IMDB правяраюць. А як абраць кнігу?

— Ведаеце, нават вызначэньне паводле The Man Booker Prizes — гэта ня тое, што варта рабіць, таму што ўсе літаратурныя прэміі па ўсім сьвеце — гэта працэдура вызначэньня лепшых вузкім колам аматараў. Таму звычайна яны не рэпрэзэнтатыўныя.

Варта слухаць іншых людзей, варта чытаць, што тыя людзі, якіх ты паважаеш, пішуць пра прачытаныя кнігі.

Людзі, якія чытаюць дагэтуль — гэта вузкая праслойка, якая пачынае дзяліцца, наткнуўшыся на кагосьці. І ў гэтым сэнсе можна зьняць файны фільм і не прагучаць. Файная кніжка — яна выстрэльвае.

Я маю досьвед сваёй «Параноі». Яна была выдадзена ў невялічкім нямецкім выдавецтве, якое месьціцца ў Ляйпцыгу. Калі яна выйшла, мы не разьлічвалі на посьпех, таму што гэта выдавецтва з маленькага гораду. Але шандарахнула рэцэнзія ў «Frankfurter Allgemeine Zeitung» — і наклад быў скончаны праз два дні. Таму што кніга, у адрозьненьне ад фільму і кампутарнай гульні, яна заўсёды страляе.

— Чаму вашы кнігі і ў Беларусі выбухаюць, а іншыя сучасныя аўтары так не прадаюцца?

— Добрыя кнігі пішуцца і ў Беларусі. Напрыклад, кніжка «Хвілінка» Ігара Бабкова сапраўды вельмі файная.

— Добрыя кнігі пішуцца і ў Беларусі. Напрыклад, кніжка «Хвілінка» Ігара Бабкова сапраўды вельмі файная. Вельмі файная «Аўтамат з газіроўкай» Уладзіміра Някляева. Я ім зачытваўся. Аднак я ня ведаю, чаму яны не прадаваліся вельмі добра. Можа, гэта і добра, што яны ня сталіся бестсэлерамі. Можа, гэта адзнака таго, што яны вельмі якасна і складана напісаныя.

Камэнтатарам «Анлайнэра» варта пачытаць Пясецкага

— А што б вы параілі пачытаць беларусам, якія лічаць, што ў нас няма літаратуры? Напрыклад, камэнтарам «Анлайнэра», якія чытаюць толькі загалоўкі?

— Хай яны пачытаюць Сяргея Пясецкага і Ўладзіслава Ахроменку. Мне цікава паглядзець, што зь імі сталася б. Адна кніжачка — і можна больш нічога ня раіць. І я пагляджу, што зробіцца з вашымі мазгамі. Я бачыў, што здараецца з такімі людзьмі. Самае важнае — гэта процьма камэнтаў пад гэтай кніжкай на «Флібусьце» і «Лібрусэку». Гэта вельмі красамоўна, калі рускі чалавек чытае кніжку, у якой вычарпальна апісваецца, што руская армія рабіла ў Вільні ў 1939 годзе. Гэта напісана ня ў выглядзе гістарычнага эсэ — гэта баявік! Напісаны яшчэ ў тыя гады, напісаны чалавекам, які адседзеў у турме і шмат што перажыў.

З сучасных аўтараў я б параіў «Музы і сьвіньні» Ўладзіслава Ахроменкі. Гэта такі твор, дзе пра Менск распавядаецца ў рэжыме «Легендаў Неўскага праспэкту» Міхаіла Вэлера. Ахроменка дае Менску тыя гарадзкія легенды, на якія мы забыліся.

— А што б параілі людзям, якія дагэтуль сядзяць у расейскай літаратуры, лічачы, што ў нас няма аналягаў Дзьмітрыю Быкаву і Людміле Ўліцкай?

— Пачытайце Ахроменкі «Тэорыю змовы», пачытайце «Хвілінку» Бабкова, пачытайце «Аўтамат з газіроўкай ці без» Уладзіміра Някляева.

— Пачытайце Ахроменкі «Тэорыю змовы», пачытайце «Хвілінку» Бабкова, пачытайце «Аўтамат з газіроўкай ці без» Уладзіміра Някляева. У нас ёсьць літаратура, у нас проста няма чытача, вось у чым справа. Таму што ўвесь чытач быў дагэтуль уцягнуты ў Расею, ён быў упэўнены, што ў нас няма літаратуры, таму нічога вартага тут ня створана.

Апошнім часам я бачу разьмежаваньне беларускай і расейскай літаратуры. Яны разыходзяцца ў два бакі. Вось што вы прачытаеце ў Быкава і Ўліцкай? Вы прачытаеце пра тое, як жывуць людзі ў Расеі. А што, у нас шмат агульнага з расейскім грамадзтвам? Так, нейкія экзыстэнцыйныя тэмы ў нас яшчэ больш-менш падобныя. Аднак усялякая экзыстэнцыя базуецца на нейкіх прыкладах: крамы ў нас не такія, як у Расеі, міліцыянты ў нас не такія, як у Расеі, бізнэс у нас не такі, як у Расеі — у нас яго проста няма. У нас іншыя мадэлі грамадзтва. Чытаць расейскую літаратуру і захапляцца — гэта тое самае, як быць басьнійцам і чытаць ырыйскую літаратуру і захапляцца ёй: там нічога агульнага ўжо няма.

Таму акурат цяпер беларускі чытач паўстае, праз адыходжаньне беларускай літаратуры ад расейскай.