Памочнікі кіраўнікоў краін «нармандзкай чацьвёркі» (РФ, Францыя, Германія, Украіна) маюць сустрэцца вечарам 10 лютага ў Менску, каб зьняць рознагалосьсі і арганізаваць сустрэчу на вышэйшым узроўні ў «нармандзкім фармаце» 11 лютага.
Пра гэта паведамляе агенцтва AP з Бэрліна са спасылкай на МЗС ФРГ.
Паводле Інтэрфаксу, з боку Расеі ў сустрэчы ўдзельнічае Юры Ушакоў, а таксама намесьнік кіраўніка МЗС РФ Рыгор Карасін, які напярэдадні ў Бэрліне прадстаўляў Расею на сустрэчы намесьнікаў міністраў замежных спраў «нармандзкай чацьвёркі».
8 лютага ў прэс-службе прэзыдэнта Украіны паведамілі, што падчас тэлефоннай канфэрэнцыі ў «нармандзкім фармаце» прэзыдэнт Украіны Парашэнка, прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзыдэнт РФ Уладзімер Пуцін дамовіліся правесьці сустрэчу 11 лютага ў Менску.
Пазьней у той жа дзень Пуцін заявіў, што сустрэча ў «нармандзкім фармаце» 11 лютага адбудзецца, «калі да таго часу атрымаецца ўзгадніць шэраг пазыцый».
10 лютага прэзыдэнт Украіны Пётар Парашэнка выказаў спадзеў на ўрэгуляваньне канфлікту на ўсходзе шляхам дыпляматычных перамоў на сустрэчы ў «нармандзкім фармаце» у Менску 11 лютага. Пра гэта ён сказаў у тэлефоннай размове з прэзыдэнтам Эўрарады Дональдам Тускам, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
Парашэнка і Туск абмеркавалі сытуацыю на Данбасе. Туск запрасіў Парашэнку прыняць удзел у пасяджэньні Эўрапейскай Рады ў Брусэлі 12 лютага для абмеркаваньня сытуацыі і каардынацыі наступных крокаў.