Паміж ЗША і Эўропай няма рознагалосьсяў па пытаньні аб урэгуляваньні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны. Пра гэта ў нядзелю заявіў дзяржсакратар ЗША Джон Кэры на міжнароднай канфэрэнцыі па бясьпецы ў Мюнхене. Ён адзначыў, што Злучаныя Штаты і эўрапейскія краіны займаюць адзіную пазыцыю па гэтым пытаньні і цесна супрацоўнічаюць у аказаньні падтрымкі Ўкраіне.
Кэры таксама папярэдзіў, што калі Расея працягне зьдзяйсьняць дзеяньні, дэстабілізуючы сытуацыю на ўсходзе Ўкраіны, то Захад прымусіць яе «заплаціць за гэта больш высокую цану».
Заява Джона Кэры прагучала на фоне паведамленьняў аб тым, што паміж ЗША і краінамі Эўропы ўзмацніліся рознагалосьсі па пытаньні прадастаўленьня Ўкраіне зброі. У Нямеччыне і ў Францыі лічаць, што пастаўкі зброі ва Ўкраіну прывядуць толькі да падаўжэньня канфлікту паміж украінскімі вайскоўцамі і прарасейскімі сэпаратыстамі.