Пятнаццаць амэрыканскіх сэнатараў, якія прадстаўляюць абедзьве палітычныя партыі, заклікалі прэзыдэнта Барака Абаму і НАТО пашырыць ваенную дапамогу Ўкраіне, уключыўшы ў яе сьмяротную зброю.
На іх думку, гэта неабходна, паколькі стрымаць Расею можна, толькі супрацьпаставіўшы ёй «пераканаўчы супраціў».
«Грэбаваньне Расеяй сталых міжнародных нормаў — гэта наўпростая пагроза эўрапейскай сыстэме бясьпекі, якая існуе ўжо некалькі дзесяцігодзьдзяў, а таксама дэмакратычным памкненьням ўкраінскага народу. Нельга дазволіць ёй дасягнуць посьпеху», — зазначаюць сэнатары ў лісьце прэзыдэнту, складзеным па ініцыятыве рэспубліканца Роба Портмана і дэмакрата Дзіка Дзербіна.
«Мы лічым, што прыйшоў час павялічыць ваенную дапамогу Ўкраіне і заклікаем ЗША і НАТО дзейнічаць хутка», — працягваюць заканадаўцы.
Яны адзначаюць, што, нягледзячы на ўвядзеньне амэрыканскіх і эўрапейскіх санкцый і ўзмацненьне міжнароднай ізаляцыі, прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін гатовы «паставіць на кон эканоміку і пазыцыі сваёй краіны ў сьвеце» дзеля прадаўжэньня ваеннага ўварваньня на тэрыторыю іншай краіны.
«Яго гатоўнасьць пайсьці на гэтакі эгаістычны крок цаной свабод, памкненьняў і талентаў расейскага народу толькі ўзмацняюць трагічнасьць сытуацыі, — гаворыцца далей у лісьце. — Такога небясьпечнага міжнароднага задзіраку можна супакоіць толькі супрацьпаставіўшы яму пераканаўчы супраціў».
Сэнатары паказалі, што працуючы разам з саюзьнікамі ў НАТО, ЗША павінны рэалізоўваць комплексную стратэгію падтрымкі Ўкраіны, стрымліваньня расейскай агрэсіі і садзейнічаньня стабільнасьці ў рэгіёне.
«На жаль, толькі санкцыямі стрымаць Пуціна, верагодна, ня ўдасца, — падкрэсьліваюць яны. — Украіне патрэбныя неадкладныя пастаўкі эфэктыўнага абарончага ваеннага абсталяваньня і фінансавай дапамогі, каб перашкодзіць непрыхаванай агрэсіі Пуціна. Абарончая ваенная дапамога ў выглядзе супрацьтанкавай зброі, супрацьбатарэйных радараў, браняваных усюдыходаў Humvee, а таксама ўзмацненьне прафэсійнай падрыхтоўкі маюць вырашальнае значэньне для таго, каб Украіна здабыла неабходны патэнцыял для абароны сваёй тэрыторыі і грамадзян».
Высокапастаўлены прадстаўнік адміністрацыі паведаміў журналістам у панядзелак на ўмовах ананімнасьці, што Белы дом пераглядае свой падыход да ўкраінскага канфлікту, але ніякіх рашэньняў аб пастаўках сьмяротнай зброі пакуль не прынята. ЗША аказваюць Украіне дапамогу несьмяротнага характару, уключаючы бронекамізэлькі і прыборы начнога бачаньня, паведамляе «Голас Амэрыкі».