З найманай кватэры на вуліцы Севастопальскай бацькі Міхаіла Жызьнеўскага — Ніна Васільеўна, Міхаіл Пятровіч і сястра Наташа — перабраліся ва ўласную двухпакаёўку, купленую на дапамогу ўкраінскага ўраду й тамтэйшых дабрачынных фондаў. Гэта недалёка ад ранейшага шматпавярховіка, і таксама на першым паверсе.
Ніна Васільеўна з-за кепскага стану здароўя рэдка выходзіць з дому — часьцей адчыняе акно, каб падыхаць сьвежым паветрам. Так было й 5 лютага.
Нейкі мужык, яшчэ не стары — гадоў так 38–40, стаіць пад вокнамі, курыць і нахабна мне ў твар кажа: „Ну што, бандэраўская с... ка, яшчэ мы вас тут не дарэзалі. Каго ты нарадзіла — бандыта?!“ Так мне ў твар і кажа. І разумееце, проста ў вакно плюе
Жызьнеўская: «Я зайшла ў Наташын пакой і адчыніла вакно падыхаць паветрам. Нейкі мужык, яшчэ не стары — гадоў так 38–40, стаіць пад вокнамі, курыць і нахабна мне ў твар кажа: „Ну што, бандэраўская с... ка, яшчэ мы вас тут не дарэзалі. Каго ты нарадзіла — бандыта?!“ Так мне ў твар і кажа. І разумееце, проста ў вакно плюе».
Ніна Васільеўна кажа, што ніколі брыдка ня лаялася, а тут — адказала, ды так, што нахабнік ажно сумеўся:
«Я ніколі ў жыцьці не мацюкалася, ніколі. А тут я выказалася, бо мне стала так крыўдна й балюча, што не стрымалася. Ты ж ня ведаеш ні сытуацыі, ні нас — і так абражаеш. Ладна, мяне ты абразіў. А пры чым тут мой сын? Ты ж яго ня ведаў, ня бачыў, што ён зь сябе ўяўляе».
Суразмоўніца мяркуе, што незнаёмец мог быць са шматпавярховіка на Севастопальскай, дзе Жызьнеўскія наймалі кватэру і дзе некаторыя жыльцы адразу пасьля сьмерці Мішы абражалі яе падобным чынам:
Там суседка зь першага пад’езду і другога, дзе мы жылі, і яшчэ пара жанок, — яны Мішу пастаянна называлі: „бандыт“, „нацыст“ — ён людзей нібыта забіваў.
«Там суседка зь першага пад’езду і другога, дзе мы жылі, і яшчэ пара жанок, — яны Мішу пастаянна называлі: „бандыт“, „нацыст“ — ён людзей нібыта забіваў. Пытаюся: „Каго ж ён забіў? Назавіце хоць аднаго чалавека, каго ён забіў“.
Неадэкватная рэакцыя гамельчукоў на трагічны лёс сына, як лічыць маці героя, хутчэй за ўсё, зьвязаная зь першай інфармацыяй, якую распаўсюдзілі афіцыйныя беларускія СМІ пасьля трагедыі на Майдане:
„У першыя дні, калі загінуў Міша, нашы афіцыйныя СМІ пісалі, што нібыта „браткамі“ на Майдане забіты бандыт Локі. Вядома, гэта дала такую каманду беларуская ўлада — абліць Мішу брудам. Я так думаю, без каманды не аблівалі б чалавека брудам, якога ня ведалі. І не было б зьдзеку на могілках. Гэта толькі з падачы нашай улады робіцца“.
Жызьнеўская мяркуе, што беларускія чыноўнікі пасьля выступу сотняў тысяч украінцаў на Майдане супраць наскрозь карумпаванага рэжыму Януковіча проста спалохаліся. Таму абаронцаў Майдану, усьлед за Расеяй, усяляк прыніжалі ў вачах грамадзянаў Беларусі:
„Міша стаяў на Майдане супраць ураду Януковіча. Таму яны тут і натапырылі свае вушы. Таму й палівалі Мішу брудам, бо Міша стаяў на Майдане супраць рэжыму Януковіча. Таму ўлада так ставіцца і да Мішы, і да мяне. Яны баяцца страціць свае цёплыя месцы, свае партфэлі“.
Ніна Васільеўна дастае ліст ад пэнсіянэра зь Менскай вобласьці, які, апроч падзякі за выхаваньне годнага й мужнага сына, склаў яшчэ й верш: „Жызьнеўскаму слава!“ Ягоныя радкі сугучныя з думкамі самой Ніны Васільеўны:
„Жизневский Майдана — герой Украины,
Пред „Беркутом“ хищным смиренно не стал,
А в мирном протесте с народом единым
Он смелым противником власти восстал.
Но власть не приемлет себя в подчиненье
Народу, который содержит её.
Но жаль, у людзей еще кроется мненье
О властной заботе. Но это враньё“.
Вось чаму такое стаўленьне да Мішы, што яго абліваюць брудам і па-варварску ставяцца да магілы».
Міхаіл Жызьнеўскі быў другой па ліку ахвярай рэжыму зь «Нябеснай сотні» змагароў, якія палеглі на барыкадах за свабоду і незалежнасьць Украіны. 22 студзеня 2014 году беларуса забілі стрэлам у сэрца на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве падчас супрацьстаяньня прыхільнікаў Эўрамайдану зь сілавікамі, ляяльнымі да былога прэзыдэнты Ўкраіны Віктара Януковіча.
У лістападзе прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка пасьмяротна ўзнагародзіў Міхаіла Жызьнеўскага ордэнам Герояў Нябеснай Сотні, які ўручыў бацькам загінулага беларуса ў сваёй рэзыдэнцыі ў Кіеве.
Вырашаецца таксама пытаньне аб прысваеньні Міхаілу Жызьнеўскаму званьня Героя Ўкраіны. Дзеля гэтага трэба зьмяніць заканадаўства, бо такое званьне цяпер можа прысвойвацца толькі грамадзянам Украіны.
Тым часам пад Гомелем на радавых могілках, дзе пахаваны герой «Нябеснай Сотні», невядомыя вандалы зрываюць украінскія нацыянальныя сьцягі і жалобныя стужкі з памінальных вянкоў.