Бацькі загіблага ва Ўкраіне падчас Майдану беларуса Міхаіла Жызьнеўскага, Ніна і Міхаіл, вярнуліся 29 лістапада з Кіеву ў Гомель. Там яны мелі сустрэчу з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, які асабіста ўручыў бацькам ордэн Герояў Нябеснай Сотні. Ім пасьмяротна ўзнагароджаны іх сын.
З Кіеву Ніна Васільеўна і Міхаіл Пятровіч вярнуліся ў новую кватэру на вуліцы Галавачова, якую купілі на дапамогу ўраду Ўкраіны і тамтэйшых дабрачынных фондаў, і куды перабраліся з дачкой Наташай за пару дзён да паездкі ва ўкраінскую сталіцу. Запрасілі іх у Кіеў на адкрыцьцё помніка сыну Міхаілу, які быў забіты на барыкадах на вуліцы Грушэўскага. Ніна Жызьнеўская апавяла, што яны з мужам зьбіраліся вяртацца ў Гомель адразу пасьля адкрыцьця помніка:
«Я проста каля помніка зьвярнулася да кіяўлян, да жыхароў Ўкраіны, каб яны дапамаглі данесьці да прэзыдэнта Парашэнкі: трэба неяк зьмяніць тую невялікую літару ў законе, каб загіблы армянін, грузін і мой сын маглі атрымаць званьне Героя Ўкраіны. Чаму мы гэтага дамагаемся? Ды таму, каб тут, у Беларусі, аднавіць добрае імя майго сына, бо тут Мішу называюць бандытам і нацыстам».
Білеты Жызьнеўскім давялося здаць. Прэзыдэнт Украіны пачуў бацькоў беларуса, загіблага на Майдане. Праз валянтэра Любаміру Кэплер Ніну і Міхаіла Жызьнеўскіх запрасілі ў рэзыдэнцыю ўкраінскага прэзыдэнта:
«Нас завялі ў рэзыдэнцыю прэзыдэнта Ўкраіны. Мы там крыху пачакалі і да нас выйшаў Парашэнка. Ведаеце, ён нас вельмі цёпла сустрэў. Аказваецца, ён асабіста ведаў Мішу. І як ён адклікаўся пра Мішу: сумленны, шчыры і справядлівы хлопец! „Ён міратворац“, — так сказаў Парашэнка. Бо ён усё на барыкадах імкнуўся вырашыць мірным шляхам».
Ніна Васільеўна кажа, што прэзыдэнт Украіны іх запэўніў, што будзе імкнуцца, каб Вярхоўная Рада ўнесла зьмены ў заканадаўства і каб найвышэйшым званьнем можна было ўганараваць і не грамадзянаў Украіны:
«Мы ўсё прэзыдэнту расказалі: і як тут Мішу абзывалі, і што сьцягі ўкраінскія на Мішынай магіле пад Гомелем зрываюць. Мы езьдзілі прыбіраць магілку — сьцяг быў сарваны. Мы абышлі могілкі, знайшлі сьцяг і зноў прымацавалі. Паехалі праз тыдзень, павезьлі кветкі — зноў сьцяга няма. Парашэнка сказаў: „Калі хочаце, я патэлефаную Лукашэнку і пагутару зь ім на гэтую тэму, каб не чапалі магілу Мішы“. Мы казалі, што ня трэба, можа неяк самі справімся».
Бацька Жызьнеўскага Міхаіл Пятровіч дадае, што прэзыдэнт Украіны прапанаваў ім зьвяртацца непасрэдна да яго, калі ўзьнікнуць нейкія жыцьцёвыя складанасьці. На просьбу дапамагчы зь лячэньнем Ніны Васільеўны, якая мае вялікія праблемы са здароўем, прэзыдэнт Парашэнка распарадзіўся правесьці мэдычнае дасьледаваньне маці героя Майдану ў клініках Кіеву. Сказаў, каб чакала выкліку. Апроч таго, паведаміў, што Украіна будзе даплачваць Ніне Жызьнеўскай да пэнсіі за сына — як за страту карміцеля.
«Пагутарылі мы хвілінаў дваццаць, ня менш. Парашэнка ўручыў нам ордэн Герояў Нябеснай Сотні. І сказаў, што гэта не выключае ўганараваньня Мішы званьнем Героя Ўкраіны. На разьвітаньне ён абняў Ніну Васільеўну, паціснуў мне руку і дадаў, што калі будуць нейкія пытаньні ці будуць нас крыўдзіць, каб зьвярталіся наўпрост да яго. Я адчуў — адчуваў гэта і раней — гонар за сына. Адчуў гонар і за Беларусь, дзе вырас такі герой, які ахвяраваў жыцьцё за свабоду Ўкраіны. Для Мішы Украіна стала другой радзімай і сын не саромеўся пра гэта казаць».
Бацька дадае, што з расповедаў камандзіра сотні, у якой Міша змагаўся на Майдане, з відэазапісаў у інтэрнэце бачна, што ён ня быў агрэсіўным:
«Ён ня быў агрэсіўным хлопцам. Ён заўсёды імкнуўся разьвесьці любы канфлікт, каб не было абвастрэньня. Я таксама не цярплю канфліктных стуацыяў, імкнуся абыйсьціся мірным шляхам. Пры гэтым наш Міша быў спарцмэнам, займаўся шмат гадоў каратэ — і любому зачыншчыку мог даць здачы, даць адпор. Калі ён дзяжурыў на барыкадах — і калі не дзяжурыў, — і калі ўсчыняўся канфлікт, заўсёды выклікалі Мішу. Бо ён мог лепей за ўсіх разводзіць канфлікты».
Міхаіл Жызьнеўскі стаў другой па ліку ахвярай на Майдане ў Кіеве. Невядомы снайпэр на вуліцы Грушэўскага выстраліў проста ў сэрца 25-гадовага беларуса.