Былі пісьменьнікі, якіх турма асабліва любіла. Я ніколі не забудуся, як мы, студэнты філфаку БДУ, прыйшлі ў госьці да паэта Сяргея Новіка-Пеюна. Рухавы і ўсьмешлівы гаспадар парассаджваў нас на канапе, крэслах і зэдліках, а на заўвагу, чаму сам не прысядзе, адмахнуўся: «Ой, хлопчыкі, насядзеўся я. Пры паляках сядзеў, пры першых саветах сядзеў, пры немцах і пры другіх саветах таксама сядзеў...». Так і гутарыў з намі, успамінамі гулагаўскімі дзяліўся і свае знакамітыя «Зорачкі» сьпяваў — стоячы.
Былі творцы, якіх музы не пакідалі і за кратамі. Аднойчы на тым жа філфаку ў народнага паэта, старшыні Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, героя сацпрацы і ляўрэата ўсіх магчымых у Савецкім Саюзе прэмій Максіма Танка студэнты спыталіся: а дзе вам, шаноўны Яўген Іванавіч найлепей пісалася? «У польскай турме,» — прагучаў кароткі адказ, відавочна зьбянтэжыўшы прысутнае ў прэзыдыюме ўнівэрсытэцкае начальства.
А як тут не згадаць унука паўстанца 1863 году драматурга Каруся Каганца? Таго самага, які хадзіў па перадрэвалюцыйным Менску і даводзіў звыклым жыць у «северо-западном крае» суайчыньнікам, што «трэба Беларусь паднімаць». Дайце веры — ён сам прасіўся ў турму!
«Дарагая Ганулька! — пісаў ён жонцы Ганьне Кастравіцкай у ліпені 1910 году, — дагэтуль яшчэ не дабіўся, каб мяне пасадзілі, але ўжо ў панядзелак абяшчалі пасадзіць». І ўжо ў наступным лісьце як пра нейкае дасягненьне: «Сеў у турму зь лёгкаю душою 26 ліпеня. Тутака і адзін паэт, што пісаў у „Нашу ніву“ і завецца Якуб. Будзь здаровенька».
Пасядзець у адной турме адначасова зь Якубам Коласам — гэта як знак лёсу. Але каб самахоць — на турэмныя нары?! Што за драматургічны сюжэт?
Аказваецца, Віленская судовая палата ў тым жа 1910 годзе прысудзіла Каруся Каганца да году зьняволеньня ў менскай турме. А тая стаяла перапоўненая. І мусіў пісьменьнік дамагацца ўласнай пасадкі, каб хутчэй выйсьці на свабоду і вярнуцца да гаспадаркі, у сваю шматдзетную сям’ю. Дамогся і — сеў. У турме пісаў вершы і маляваў ілюстрацыі да Коласавай чытанкі.
Дзіўна, чаму пры такіх задушэўных адносінах паміж пісьменьнікамі і турмой у Беларусі за доўгі час не зьявілася хоць бы сьціплага літаратурнага зборніка на турэмную тэму. Выходзілі ў сьвет паэтычныя анталёгіі пра хатынскую і чарнобыльскую трагэдыі, пра маці, пра каханьне, пра блізьнятаў-братоў Леніна і КПСС, пра ўзьяднаньне Беларусі ў 1939-м, пра Новы год і старую Вільню, нават адмысловы зборнік «Верш і храм» выйшаў у Беластоку. Тэма турмы ніколі не была кнігаўтваральнай для айчынных анталягістаў.
І вось на 497 годзе існаваньня друкарскага варштату Скарыны (дарэчы, і ён пабываў у турме!) такая кніга нарэшце зьявілася — анталёгія «Голас волі з-за кратаў». Склаў яе дыплямаваны літаратуразнаўца Аляксандар Фядута, які пасьля Плошчы-2010 таксама апынуўся ў турэмнай камэры. Праўда, не забавіўся там, як і Скарына. Ня ведаю, ці навучыўся чаму-небудзь у вязьніцы наш слаўны першадрукар, а вось Фядуту турэмны досьвед відавочна дапамог у працы над анталёгіяй.
Васямнаццаць яе аўтараў — людзі розных прафэсій і жыцьцёвых зацікаўленьняў, якіх аб’яднала тое, што па волі лёсу суаўтарам кожнага стала турма. І рэдактарам ці, дакладней, цэнзарам — яна ж. Часьцей — строгім і прыдзірлівым, радзей — літасьцівым, з прыплюшчаным на імгненьне-другое вокам. Бо сачы-ні сачы, усё роўна не дапільнуеш. Як пісаў клясык, «не скуеш іхніх дум ланцугамі». Найбольш думаюць і мараць вязьні, вядома ж, пра свабоду, а пра што пішуць?
Спэцыяліст па электроніцы Ігар Аліневіч стварыў цэлы турэмны трактат — зь неабходнымі статыстычнымі дадзенымі, ад якіх робіцца непамысна. Аказваецца, за дваццаць апошніх гадоў праз беларускую пэнітэнцыярную сыстэму прайшло 1 мільён 200 000 чалавек — кожны другі працаздольны мужчына, а кожны пяты адбыў большы ці меншы турэмны тэрмін. Кожны другі і кожны пяты! Калі гэта сапраўды так, то ёсьць усе падставы перайменаваць Рэспубліку Беларусь у які-небудзь Беларусьлаг, а па пэрымэтры дзяржаўнай мяжы паставіць вышкі з аўтаматчыкамі.
Журналістка Ірына Халіп апісвае яшчэ адзін — дагэтуль невядомы — від катаваньняў, які зьявіўся ў арсэнале менскіх турэмшчыкаў. Да расьцяжак і ластавак, да камэраў-халадзільнікаў, да кругласуткавага яркага сьвятла дадаліся яшчэ і пустапарожнія «дамскія» раманы, якія ў неабмежаванай колькасьці дастаўляліся ў камэры, калі іх насельнікі прасілі пачытаць клясыку. Начальнік СІЗА на пратэсты дасьціпна адказваў: «Вы ў турме, а якая ж турма без катаваньняў? Вось жанчынаў мы і вырашылі катаваць „дамскімі“ раманамі».
Гісторык і паэт Алесь Кіркевіч, наадварот, даймаў турэмную адміністрацыю, выкарыстоўваючы ў зносінах зь ёю адметную беларускую лексыку. У сваіх аповедах ён з гумарам прыгадвае, як адзін прапаршчык літаральна шалеў, не знайшоўшы ў крапівоўскім слоўніку слова «шпацыр».
Праваабаронца Алесь Бяляцкі, для якога вязьніца стала своеасаблівым домам творчасьці (за няпоўных тры гады — дзьве дыхтоўныя кнігі), трапіў у анталёгію з успамінамі пра моладзевы нефармальны рух у Гомелі і Менску, пра сустрэчы з палкоўнікам КДБ Данілікам. О, гэта быў не звычайны палкоўнік. У 70-я гады ён узначальваў Ваўкавыскі аддзел дзяржбясьпекі, а сярод яго падапечных была сама Ларыса Геніюш. Відаць, добра апекаваўся таварыш палкоўнік апальнай паэткай, бо пасьля яе сьмерці быў пераведзены па службе з райцэнтра адразу ў сталіцу. У геніюшаўскім архіве прысьвячэньняў Даніліку я пакуль не знайшоў, а вось Алесю Бяляцкаму сутнасьць тых спатканьняў у спэцпакоі Акадэміі навук удалося вызначыць проста афарыстычна: «Сустрэчу з гэбэшнікамі ў тыя часы можна параўнаць з сутыкненьнем з гадзюкай на вузкай сьцежцы пасярод дрыгвы».
Складаньне тэматычных анталёгій — справа ўвогуле рызыкоўная. Паколькі ў пэўны момант, шукаючы і знаходзячы ўсё новыя тэксты, складальнік можа страціць пільнасьць, і тады тэма пачынае дамінаваць над якасьцю тэкстаў. Тады анталёгія пухне, а яе мастацкая значнасьць мізарнее.
На шчасьце, Аляксандру Фядуту густ ня здрадзіў, і яму ўдалося датрымаць плянку якасьці на належным узроўні, нягледзячы на аб’ём ягонай анталёгіі — амаль 1000 (!) старонак. І ў дынамічнай прозе Зьмітра Дашкевіча, і ў духаўздымных эсэ Паўла Севярынца, і ў шчырых да спавядальнасьці вершах Арцёма Грыбкова і Зьмітра Дразда, і ў задзірыстых польскамоўных дзёньніках Андрэя Пачобута — паўсюль адчуваецца тая адушаўлёнасьць, без якое няма літаратуры. Гэта як у біблейскай гісторыі — была мэсапатамская гліна, а Бог душу ўдыхнуў, і зьявіўся на белы сьвет чалавек.
«Голас волі з-за кратаў» — радок Рыгора Барадуліна, адзінага аўтара анталёгіі, чый жыцьцёвы шлях з турмой шчасьліва разьмінуўся. Але паэт, будучы ўжо цяжка хворым, палічыў сваім абавязкам адмыслова для анталёгіі напісаць верш. Зьмешчаны на вокладцы, ён стаў своеасаблівым corona astralis — зорным вянком — гэтай унікальнай, першай у гісторыі беларускай літаратуры кнігі.
«Голас волі з-за кратаў» гучыць неаспрэчным адказам на чарговы нэрвовы вокліч аднаго вядомага палітыка, былога турэмнага ахоўніка: «У Беларусі няма палітвязьняў!». Яны былі ўчора і ёсьць сёньня. І пішуць свае тэксты-сьведчаньні для новых анталёгій. Турэмны стаж беларускай літаратуры перасягнуў за другое тысячагодзьдзе.
Калі сплюсаваць усе тэрміны, адседжаныя беларускімі пісьменьнікамі ў турме, атрымаецца больш за тысячагодзьдзе.