«Сем худых гадоў» — так называецца новая кніга «Бібліятэкі Свабоды». Яе склалі блогі Юрыя Дракахруста, якія друкаваліся на сайце svaboda.org цягам 2008-2014 гадоў. 3 сьнежня а 18.00 «Сем худых гадоў» будуць прэзэнтавацца ў Менску на сядзібе БНФ, а сёньня сваімі першымі ўражаньнямі ад кнігі дзеліцца шэф-рэдактар газэты «Наша Ніва» Андрэй Дынько.
«Важна, што Юры Дракахруст пасьлядоўна з тыдня ў тыдзень аналізуе палітычныя і іншыя падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі. І важна, што ён робіць гэта з беларускіх пазыцый. Такім чынам мы маем ужо традыцыю беларускай аналітыкі.
У гэтых артыкулах Юрыя Дракахруста, у ягоных праграмах „Праскі акцэнт“ адсочваюцца ўсе тэндэнцыі палітычнага жыцьця, разьвіцьця нашага грамадзтва. Гэта значыць, што мы здольныя іх бачыць, і гэта дапамагае беларускім палітычным элітам, бізнэс элітам кіравацца, прымаць правільныя рашэньні ў часам няпростых сытуацыях, праз якія праходзіць наша маладая дзяржава».