Гамельчукоў Ніну і Міхаіла Жызьнеўскіх, бацькоў загінуўшага ў Кіеве падчас падзеяў на Майдане беларуса Міхаіла Жызьнеўскага, прыняў 27 лістапада прэзыдэнт Украіны Пётар Парашэнка.
Як паведаміла Радыё «Свабода» Ніна Васільеўна, сустрэча цягнулася 20 хвілін. Кіраўнік украінскай дзяржавы запэўніў бацькоў, што будзе шукаць заканадаўчую магчымасьць, каб і Міхаіла Жызьнеўскага, як і загінулых на Майдане ўкраінцаў, уганараваць адпаведным чынам.
Гэтымі днямі бацькі Жызьнеўскага знаходзяцца ў Кіеве. Яны прысутнічалі на ўсталяваньні дошкі памяці сына на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве, непадалёк ад месца, дзе Міхаіл загінуў. Бацькі зьвярнуліся з заклікам да прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі зрабіць выключэньне і даць іх сыну званьне Героя Украіны, каб і ў Беларусі нарэшце зразумелі, што сын ахвяраваў жыцьцё за свабоду і незалежнасьць украінскай дзяржавы.
Напярэдадні прэсавы сакратар прэзыдэнта Ўкраіны Сьвятаслаў Цаголка паведаміў Свабодзе, што памяць беларуса Міхала Жызьнеўскага ня можа быць ушанаваная званьнем Героя Ўкраіны, бо існуючае заканадаўства не прадугледжвае такой магчымасьці. Пры гэтым прэсавы сакратар зазначыў:
«Міхал Жызьнеўскі, як і Зураб Хурцыя з Давыдам Кіпіяні, безумоўна, ёсьць героем Украіны. Мы будзем заўжды памятаць і ўшаноўваць іх самаахвярнасьць на карысьць вольнай і незалежнай Украіны».