На беларускай мове разглядае пазоў жыхара Магілёва Валадара Цурпанава раённы суд. Судзьдзя, прадстаўнік адказчыка ды супрацоўніца пракуратуры гавораць зь ім на працэсе па-беларуску.
Вядомы ў горадзе руплівец беларускасьці абскарджвае сваё звальненьне з арматурнага заводу, дзе ён рабіў зваршчыкам. Гэта ня першы пазоў Цурпанава супраць наймальніка. На трох папярэдніх працэсах таксама гучала беларуская мова. Тычыліся яны працоўных спрэчак — тады Цурпанаў яшчэ працаваў на заводзе.
«Цягам майго працоўна-грамадзянскага канфлікту з наймальнікам праглядаецца эвалюцыя суду», — заўважае Валадар Цурпанаў, апавядаючы пра асаблівасьці апошняга судовага працэсу:
«На першым судзе мне дазволілі карыстацца перакладчыкам. На другім — судзьдзя размаўляла са мной па-беларуску, а па-расейску — з другім бокам, і быў таксама перакладчык. На трэцім — судзьдзя ўзяла на сябе абавязкі перакладчыка. Цяперашні суд — прыемная неспадзяванка. Судзьдзя Бабко адмовіла мне ў перакладчыку, і калі я пачаў настойваць на выкананьні свайго канстытуцыйнага права, то мне было заяўлена, што перакладчыкам будзе яна. Я перакананы, што яе прыклад і паводзіны паўплывалі на супрацоўніцу пракуратуры. Яна таксама зьвярталася да мяне па-беларуску. А гэта, у сваю чаргу, паўплывала і на прадстаўніцу наймальніка. Яна таксама гаварыла са мной па-беларуску. Усё гэта дазваляе мне сказаць, што суд прайшоў у цалкам беларускай чыннасьці».
Фармальная прычына звальненьня Цурпанава — «сыстэматычнае невыкананьне без паважных прычын абавязкаў, ускладзеных працоўнай дамовай і правіламі ўнутранага працоўнага раскладу». Сам жа ён лічыць, што звольнілі яго за абарону правоў працоўных. Ён неаднойчы скардзіўся на кепскія ўмовы працы як адміністрацыі прадпрыемства, гэтак і ў кантрольныя органы на саму адміністрацыю. Патрабаваў, каб адказы былі на беларускай мове. Зваршчык, акрамя таго, выдаваў для сваіх калегаў і газэтку «Валадарынка», дзе інфармаваў пра вынікі сваіх намаганьняў палепшыць умовы працы на прадпрыемстве.
Пра звальненьне Валадар Цурпанаў даведаўся 16 кастрычніка. Больш за месяц ён беспрацоўны.
Адстойваньне беларускасьці і прынцыповасьць у абароне правоў працоўных, лічыць Цурпанаў, стане перашкодай пры пошуку новага месца працы. Ён спасылаецца на свой ранейшы досьвед і адзначае, што на вялікіх дзяржаўных прадпрыемствах яму адразу адмаўлялі ва ўладкаваньні, пабачыўшы толькі ягонае прозьвішча:
«Знаходзілі розныя прычыны, каб мне адмовіць. Самая простая была, што яны знайшлі сабе працаўніка. Альбо казалі, што мая кваліфікацыя не адпавядае іхным патрабаваньням. Хоць гэта была і няпраўда. Таму на сёньня пасьля ўсіх судоў мая сытуацыя значна больш складаная».
Паводле Цурпанава, людзей, якія наважваюцца на адстойваньне правоў, кіраўніцтва прадпрыемстваў успрымае як непажаданых:
Тых, хто ў працоўных спрэчках выйграе, наймальнікі разглядаюць як патэнцыйных ворагаў і небясьпечных работнікаў
«Мы жывём у краіне, дзе людзі, якія наважваюцца бараніць сябе, свае правы, а пагатоў і правы сваіх калегаў, не ўспрымаюцца нэўтральна ці з разуменьнем. Судзьдзі, зь якімі ў мяне былі дачыненьні па камунальных пытаньнях, казалі: „Вось добра, што знаходзяцца людзі, якія прымушаюць наймальніка датрымоўвацца хаця б фармальна закону — калі, напрыклад, бяруць на працу ці знаёмяць з дакумэнтамі“. І тыя ж судзьдзі тут жа змаўкалі, калі я казаў, што гэтыя людзі становяцца першымі ж ахвярамі. Іх суд мо і абароніць, але пасьля яго паспрабуй уладкавацца на працу з запісам, што быў звольнены, а потым адноўлены. Наймальнік тады кажа сабе: „Ага, дык ён яшчэ і бароніць сябе“. Таму да суду насельніцтва ставіцца зь недаверам і страхам. А тых, хто ў працоўных спрэчках выйграе, наймальнікі разглядаюць як патэнцыйных ворагаў і небясьпечных работнікаў. Фактар прафэсійнасьці, стаўленьне да працы, дысцыпліна — гэта ўжо для яго не працуе. Пакуль што ў гэтай сыстэме чалавек, які злоўжывае алькаголем — гэта найлепшы працаўнік, бо ён заўжды ўва ўсім вінаваты і будзе рабіць усё, што яму скажуць».
Валадар Цурпанаў адзначае, што калі працэс вядзецца на беларускай мове, агрэсіўнасьць ва ўзаемадачыненьнях бакоў зьмяншаецца. Справа разглядаецца ў больш цярпімай і паважнай абстаноўцы.