У пераліку на замежную валюту цэны на машыны там істотна зьнізіліся. Асабліва гэта заўважна ў катэгорыі прэміюм-клясы — эканомія ў параўнаньні з аналягамі, якія прапаноўвае беларускі рынак, вымяраецца тысячамі даляраў.
За доўгія гады адносна стабільнага курсу рубля многія грамадзяне Расеі адвучыліся апэратыўна рэагаваць на эканамічныя выклікі, чым карыстаюцца заходнія суседзі, загартаваныя дэвальвацыямі. Мянчук Сяргей Круглякоў за апошні месяц зьезьдзіў ў Маскву двойчы, прыдбаўшы машыны сабе і бацьку. Перакананы, што калі ёсьць грашовы запас у валюце, то, з улікам маштабаў абвалу расейскага рубля, набываць аўто ў Расеі трэба якраз цяпер. Прычым гэта тычыцца як новых, так і ўжываных мадэляў.
Некаторыя лічбы маніторынгу коштаў у аўтасалёнах, якія гандлююць 3—5-гадовымі іншамаркамі. Калі «БМВ» X5 2005 году ў Беларусі стартуе ад 25 тысяч даляраў, то ў Маскве можна шукаць ад 18 тысяч. «Мэрсэдэс-500» S-клясы 2007 году па менскіх аб’явах каштуе ў сярэднім 40 тысяч даляраў, расейскі цэньнік — на 10 тысяч меншы. У апошні прыезд сам Сяргей Круглякоў набыў адносна недарагі японскі «паркетнік», на якім ашчадзіў найменей 4 тысячы даляраў:
«Прэстыжныя прэміюм-аўтамабілі — гэта і „Лексусы“, і „Мэрсэдэсы“, і пазадарожнікі кшталту „БМВ“ Х5. Бюджэтныя, даступныя аўтамабілі ў салёнах вы наўрад ці знойдзеце. Не таму, што іх няма, — яны ёсьць. Але лепш шукаць у інтэрнэце ці па аб’явах. Праўда, ужо без аніякіх гарантыяў. Я набыў у аўтакраме „Нісан Кашкай“ 2011 году, у топавай камплектацыі. Разьлічыўся, аформіў страхоўку і паехаў здымаць з уліку. Уся прыемнасьць абышлася ў 14900 даляраў. Машына ў такой жа камплектацыі ў прыватніка таньнейшая на 500 даляраў, але большы давер усё ж салёнам. Калі ставіў на ўлік у Менску, прайшоўся па рынку. За аналягічнае аўто, толькі на год старэйшае, у самай простай камплектацыі, прасілі 19 тысяч! Выйгрыш — 4–5 тысяч. Можна толькі ўявіць, колькі зараз сюды будзе ісьці, скажам так, сярэднедарагіх аўто, як „Мэрсэдэсы“ С-клясы, „пяцёркі“ БМВ, „японцы“ і г. д.».
Калькуляцыя выгады мае цалкам рэальныя абрысы. Калі яшчэ ў верасьні пры курсе 35 рублёў за даляр умоўны аўтамабіль каштаваў 700 тысяч рублёў, што ў эквіваленце 20 тысяч даляраў, то цяпер, пасьля падзеньня рубля, гэтае ж аўто каштуе 15 тысяч даляраў. Выдаткі на дастаўку ў Беларусь на гэтым тле — як арытмэтычная хібнасьць. Так, абавязковы ўтылізацыйны збор за новае аўто складае 60 даляраў, а калі машына старэйшая за 3 гады — блізу 100 даляраў.
Заснавальнік і галоўны рэдактар газэты «Аўтадайджэст» Анатоль Шаўчэнка заўважае, што прыцягальнасьць расейскага рынку азначае вываз у Расею вялікай колькасьці валюты. Аднак гэта тое, да чаго раней ці пазьней мусіла прывесьці дзяржаўная палітыка. Спачатку паднялі мыта да расейскага ўзроўню, зрабіўшы пошліны ў некаторых выпадках вышэйшыя за кошт самога аўтамабіля, пасьля ўвялі транспартны падатак, чарговы раз вывернуўшы кішэні аўтааматараў:
З улікам непрадуманага рашэньня ў адносінах да легкавых аўтамабіляў, якія абклалі мытам ды немалым аброкам, у выніку чаго выдаткі сталі на парадак вышэйшыя, людзі пачалі вывозіць валюту з краіны.
«З улікам непрадуманага рашэньня ў адносінах да легкавых аўтамабіляў, якія абклалі мытам ды немалым аброкам, у выніку чаго выдаткі сталі на парадак вышэйшыя, людзі пачалі вывозіць валюту з краіны. Дзяржава гэтага хацела — яна гэта атрымала. Пры тым, што яшчэ ня так даўно працэс быў адваротны: расейцы ў нас столькі набывалі аўтамабіляў і столькі пакідалі валюты, што рэзаць курыцу, якая нясе залатыя яйкі, не было ніякага сэнсу. На жаль, нашы кіраўнікі гэтым асабліва не даражылі. У выніку аўтамабілі, у тым ліку і ўжываныя, у Расеі сталі істотна таньнейшыя. І цяпер вось такія арэлі ўтварыліся — шмат хто туды паехаў. Асабліва гэта тычыцца машын прэміюм-сэгмэнту, там 5–8 тысяч даляраў розьніца. Таму, вядома, лепш праехаць 500 кілямэтраў і патраціць 150–200 даляраў лішніх, але выйграць на парадак больш».
Экспэрт у аўтамабільнай галіне Вадзім Балай лічыць, што беларусам варта скарыстаць зручны момант, каб абнавіць прыватны аўтапарк. Але ён супраць таго, каб у доўгатэрміновай пэрспэктыве Беларусь праводзіла ўласную палітыку на аўтамабільным рынку. Па яго словах, высокае мыта — яшчэ не нагода наракаць на жыцьцё:
Так, за кошт інтэграцыі мы маем даражэйшыя пошліны. Але мы па-ранейшаму працягваем атрымліваць ад Расеі танныя энэрганосьбіты, нашы прадпрыемствы па-ранейшаму маюць магчымасьць рэалізоўваць сваю прадукцыю на расейскім рынку.
«Так, за кошт інтэграцыі мы маем даражэйшыя пошліны. Але мы па-ранейшаму працягваем атрымліваць ад Расеі танныя энэрганосьбіты, нашы прадпрыемствы па-ранейшаму маюць магчымасьць рэалізоўваць сваю прадукцыю на расейскім рынку. То бок трэба на ўсё глядзець у комплексе. Зразумела, што шараговага пакупніка ўжыванага аўтамабіля гэтыя тонкасьці як бы і не цікавяць, але, зноў жа, чалавек мусіць разумець: свой заробак ён атрымлівае ў тым ліку за кошт таго, што мы так шчыльна працуем з Расеяй, знаходзімся ў адзінай эканамічнай прасторы і г. д. Іншымі словамі, каб гэтага не было — так, мыта на аўтамабілі было б ніжэйшае, але іншае пытаньне — ці былі б увогуле зараз грошы ў беларусаў купляць у той жа Расеі танную „бэушку“?»
Ці надоўга захаваецца прыцягальнасьць расейскага аўтарынку — залежыць ня толькі ад стабільнасьці ў фінансавай галіне, але і ад таго, якую пазыцыю зоймуць зацікаўленыя гульцы. Ад студзеня да верасьня 2014 году ў Расеі адзначана скарачэньне попыту на шмат якія маркі. Так, «Форд» прадэманстраваў падзеньне на 42% большае, чым летась, «Фольксваген» — на 20%, «БМВ» — на 11%, «Аўдзі» — на 5%. Падвышаць цэны ў такой сытуацыі — пагоршыць і без таго незайздросныя паказьнікі.
Тым ня меней, некаторыя вытворцы ўсё ж да гэтага рыхтуюцца. Канцэрн «БМВ» заявіў пра значнае падвышэньне ўжо ад 1 сьнежня — папярэднія замовы будуць аплочвацца зыходзячы з новых цэньнікаў. «Нісан» гатовы пачакаць да Новага году, але ўсё будзе залежаць ад курсу рубля. Пільна сочаць за сытуацыяй у штаб-кватэрах «Мэрсэдэсу», «Рэно», «Шкоды», «Кіа». Некаторыя брэнды сёлета ўжо падымалі расцэнкі, і гадавы ліміт у іх вычарпаны.
Гаспадары аўтахаўзаў і прыватныя гандляры нашмат больш мабільныя і могуць мяняць цэньнікі ледзь ня штодня. Аднак «валютных» беларусаў занадта мала, каб весьці рэй на ўсім рынку, таму статус-кво пакуль захоўваецца — каб не напалохаць патэнцыйнага пакупніка.