Эдвард Лукас: Беларусь шпіёніць у Літве і за сябе, і за Расею

Эдвард Лукас (Edward Lucas)

Уплывовы брытанскі журналіст Эдвард Лукас сьцвярджае, што беларуская выведка асабліва цікавіцца Літвой, каб дабрацца да сакрэтнай інфармацыі Эўразьвязу і НАТО.

У інтэрвію агенцтву Baltic News Service Лукас заявіў: «Беларусь дзейнічае дваіста: яна шпіёніць як Рэспубліка Беларусь і дзейнічае як упаўнаважны расейцаў. Гэта адно з найважнейшых пытаньняў — ці была гэта шпіёнская дзейнасьць Беларусі на двухбаковай падставе, ці беларускі КДБ дзейнічаў ад імя сваіх братоў-расейцаў», перадае Delfi.

Нагодай для выказваньня брытанскага журналіста стала інфармацыя пра тое, што 10 лістапада ў Віленскі акруговы суд перадалі крымінальную справу, у якой грамадзяніну Літвы Р. Л. выстаўленыя абвінавачаньні ў шпіянажы супраць Літоўскай Рэспублікі, гаворыцца ў паведамленьні для друку на сайце Пракуратуры Літоўскай Рэспублікі.

На прэсавай канфэрэнцыі, арганізаванай 10 лістапада ў Генэральнай пракуратуры Літвы, дырэктар Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Гядзімінас Грына паведаміў, што падчас доўгатэрміновай выведнай апэрацыі Дзярждэпартамэнт бясьпекі выявіў некалькі асобаў, якія падазраюцца ў тым, што па ўказаньні Галоўнага разьведнага ўпраўленьня (ГРУ) Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь зьбіралі і перадавалі інфармацыю, у тым ліку дзяржаўныя таямніцы, пра Літоўскую армію, яе падразьдзяленьні, дзяржаўныя прадпрыемствы, якія маюць стратэгічнае значэньне для нацыянальнай бясьпекі Літвы, іх дзейнасьць, аб’екты і абсталяваньне ў іх.