Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што мог нашпіёніць беларускі тайны агент


Вільня
Вільня

Людзі, якія працавалі і працуюць на прадпрыемстве «Oro navigacija» («Паветраная навігацыя») запэўніваюць, што нават не падазравалі, што мужчына, які яшчэ ад савецкіх часоў апекаваўся тэхнікай прадпрыемства, мог весьці шпіёнскую працу супраць Літвы, піша Лепа Жальнене на літоўскім партале 15min.lt.

Гаворачы на ўмовах ананімнасьці, былыя і цяперашнія супрацоўнікі кажуць, што чалавек, якога ў студзені вывелі з працы ў кайданках, нічым не адрозьніваўся ад іншых калег.

«Не ўяўляю сабе, да якой інфармацыі ён мог дабрацца. Ён даглядаў за сыстэмамі сувязі. Такая і праца: кабэлі, сувязь, дагляд, рамонт. Такія зусім тэхнічныя абавязкі. Ня ведаю, ня маю ўяўленьня, што там можна было нашпіёніць», — расказаў былы супрацоўнік «Паветранай навігацыі», які пажадаў застацца ананімным.

Ён запэўніў, што калега ніколі не выклікаў падозраньняў нейкай асаблівай цікаўнасьцю да іншых справаў або нейкай пранырлівасьцю.

«У мяне сапраўды не ўзьнікала ніякіх падозраньняў. Толькі зрэдку, паднімаючыся па сходах, мы віталіся, „здароў“ і ўсё», — сказаў суразмоўца.

Ён таксама зазначыў, што кіраўніцтва прадпрыемства пра сьледзтва Дэпартамэнту дзяржбясьпекі Літвы нічога ня ведала, дапамогі, каб высачыць шпіёна, у іх ніхто не прасіў.

Таму для ўсіх супрацоўнікаў «Паветранай навігацыі» было вялікай неспадзяванкай, калі сёлета ў студзені тэхнічнага супрацоўніка вывелі з працы ў кайданках.

Толькі тады былі апытаныя кіраўнікі і супрацоўнікі прадпрыемства, іх папрасілі падпісаць абяцаньне не раскрываць дадзеных дасудовага расьсьледаваньня.

Калегі пацьвердзілі, што падазраваны ў шпіянажы чалавек працаваў на прадпрыемстве больш за 25 гадоў — яшчэ з савецкіх часоў.

Перадаў шмат носьбітаў інфармацыі

Генэральная пракуратура ў панядзелак паведаміла, што перадала ў суд крымінальную справу, у якой супрацоўнік «Паветранай навігацыі» Р. Л. абвінавачваецца ў шпіянажы на карысьць Беларусі.

Кіраўнік Дэпартамэнту дзяржбясьпекі Гядзімінас Грына падкрэсьліў, што гэта была складаная апэрацыя, распачатая амаль чатыры гады таму.

Супрацоўнікі дэпартамэнту выказалі задавальненьне, што інфармацыю пра шпіянаж гэтым разам удалося сабраць вельмі пасьпяхова. Паводле іх, было выяўлена, як супрацоўнік «Паветранай навігацыі» перадае беларусам цэлых 26 дыгітальных носьбітаў з інфармацыяй.

Былі зафіксаваныя нават такія факты, як ён, на гадзіну замкнуўшыся ў сваім кабінэце з папкамі і дакумэнтамі, сваім мабільным тэлефонам фатаграфуе важныя дакумэнты.

Сдаў інфармацыю пра «мядзьведжы дэсант»?

Дзяржаўнае прадпрыемства «Паветраная навігацыя» — адзіная, якая аказвае паслугі паветранага руху, сувязі, навігацыі і сачэньня, а таксама паслугі навігацыйнай інфармацыі дзеля патрэбаў цывільнай авіяцыі ў мірным часе ў паветранай прасторы Літвы. Прадпрыемства таксама арганізуе і каардынуе пошукава-ратаўнічыя працы ў выпадку авіякатастрофы або пры яе пагрозе.

Гэтае прадпрыемства стала вядомым, калі 4 ліпеня 2012 году пілятаваны швэдамі самалёт раскідаў на тэрыторыі Беларусі каля тысячы мядзьведзікаў у падтрымку свабоды слова ў Беларусі.

Тады Міністэрства абароны Літвы абвергла інфармацыю, што такі самалёт мог узьняцца ў паветра з тэрыторыі Літвы, аднак радары «Паветранай навігацыі» зафіксавалі іншыя паказаньні, а менавіта, што а 5-й гадзіне раніцы ў раёне аэрадрому ў Пацюнай зьяўляецца, рухаецца на ўсход у бок мяжы зь Беларусьсю і то прападае, то зьяўляецца зноў швэдзкі самалёт. Ён зьнік з радараў недзе ў раёне Салечнікаў каля 6-й гадзіны. У 7.34 ён зноў зьяўляецца ў тым самым раёне і ляціць на аэрадром у Пацюнах.

Гэта была інфармацыя, якая пацьвярджала, што нейкі палёт сапраўды быў, і падтрымвала беларускую вэрсію аб тым што Літва датычная да «мядзьведжага дэсанту», таму канкрэтныя дадзеныя, бясспрэчна, былі вельмі важныя для беларускай выведкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG