Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцслужбы Літвы расказалі пра падазраванага ў шпіянажы на карысьць Менску

абноўлена

Вільня
Вільня

У Віленскі акруговы суд сёньня перададзеная крымінальная справа, у якой грамадзяніну Літвы Р. Л. выстаўленыя абвінавачаньні ў шпіянажы супраць Літоўскай Рэспублікі, гаворыцца ў паведамленьні для друку на сайце Пракуратуры Літоўскай Рэспублікі.

На прэсавай канфэрэнцыі, арганізаванай сёньня ў Генэральнай пракуратуры Літвы, дырэктар Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы (VSD) Гядзімінас Грына паведаміў, што падчас доўгатэрміновай выведнай апэрацыі Дзярждэпартамэнт бясьпекі выявіў некалькі асобаў, якія падазраюцца ў тым, што па ўказаньні Галоўнага разьведнага ўпраўленьня (ГРУ) Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь зьбіралі і перадавалі інфармацыю, у тым ліку дзяржаўныя таямніцы, пра Літоўскую армію, яе падразьдзяленьні, дзяржаўныя прадпрыемствы, якія маюць стратэгічнае значэньне для нацыянальнай бясьпекі Літвы, іх дзейнасьць, аб’екты і абсталяваньне ў іх.

Як паінфармаваў намесьнік генэральнага пракурора Дарус Раўлушайціс, ацаніўшы згаданыя дадзеныя выведнай апэрацыі, Дэпартамэнт дасьледаваньня арганізаванай злачыннасьці і карупцыі Генэральнай пракуратуры прыняў рашэньне распачаць дасудовае сьледзтва. Сьледзтва было даручана весьці супрацоўнікам бюро Літоўскай крымінальнай паліцыі. Неўзабаве асобы, падазраваныя ў шпіёнскай дзейнасьці, былі затрыманыя, цяпер яны знаходзяцца пад вартай. Меркавана ўчыненыя імі злачынныя дзеяньні пазьней было вырашана дасьледаваць у асобных справах.

Камэнтуючы хаду дасудовага сьледзтва, Начальнік бюро Літоўскай крымінальнай паліцыі Роландас Кішкіс расказаў, што ў перададзенай сёньня ў суд крымінальнай справе апрача іншых дадзеных, якімі даказваецца злачынная дзейнасьць абвінавачанага, ёсьць і дадзеныя, якія дазваляюць падазраваць, што Р. Л., які ў той час працаваў у дзяржаўнай установе ,,Oro navigacija" («Паветраная навігацыя»), у сваім кабінэце патаемна фатаграфаваў дакумэнты, якія там былі, і іншыя аб’екты. Ёсьць падозраньні, што пазьней гэтыя візуальныя матэрыялы былі перададзеныя згаданай установе замежнай дзяржавы.

Дырэктар VSD Г. Грына таксама зазначыў, што сукупнасьць пэўных, часам нават не засакрэчаных дакумэнтаў пра літоўскія вайсковыя падразьдзяленьні і стратэгічныя аб’екты пры іх пастаянным абнаўленьні і сыстэматызацыі становіцца асабліва значнай і адчувальнай інфармацыяй, якая ў любы час можа быць выкарыстаная ў мэтах нанясеньня шкоды нацыянальнай бясьпецы і стабільнасьці літоўскай дзяржавы.

Таму пры дэмаскаваньні асобаў, якія выконвалі гэтую шпіёнскую дзейнасьць Дэпартамэнт дзяржбясьпекі Літвы шчыльна ўзаемадзейнічае з Генэральнай пракуратурай і бюро Літоўскай крымінальнай паліцыі і ўжывае ўсе магчымыя, аднак не абвяшчаныя публічна, захады, каб дадзеныя, сабраныя ў часе гэтай злачыннай дзейнасьці не дасягнулі актуальнасьці, якая магла б стварыць пагрозу.

Больш дэтальная інфармацыя пра другое дасудовае сьледзтва, у якім падозраньні ў шпіянажы высунутыя другой асобе, будзе паведамленая пазьней, пасьля заканчэньня сьледзтва і перадачы справы ў суд, што, як мяркуецца, адбудзецца ў найбліжэйшым часе, гаворыцца ў паведамленьні Генэральнай пракуратуры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG