ЗША выказалі сваю занепакоенасьць паведамленьнямі АБСЭ пра перамяшчэньне на падкантрольных баевікам тэрыторыях грузавікоў са зброяй. Пра гэта заявіла прэс-сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Бэрнадэт Мэхан.
«Мы вельмі занепакоеныя абвастрэньнем супрацьстаяньня на ўсходзе Ўкраіны, а таксама шматлікімі дадзенымі пра тое, што сэпаратысты, якіх падтрымлівае і забясьпечвае Расея, перавозяць у канвоях цяжкую зброю і танкі на перадавую канфлікту», — зазначыла Мэхан.
Прэс-сакратар Рады нацбясьпекі ЗША заявіла, што любыя спробы баевікоў захапіць тэрыторыю будуць «абуральным парушэньнем» менскіх дамоўленасьцяў.
Мэхан заклікала Расею спыніць пастаўляць зброю баевікам, а таксама вывесьці з Украіны сваіх вайскоўцаў.
У нядзелю адмысловая маніторынгавая місія АБСЭ паведаміла пра перасоўваньне на падкантрольных баевікам тэрыторыях Данецкай вобласьці грузавікоў зь цяжкай зброяй.